У сацыяльных сетках і месенджарах, дзе публікуюцца матэрыялы гезеты “Перамога”, заўжды шмат каментарыяў нашых чытачоў пра тое, якім прыгожым стаў раён і горад Дзятлава, захапленне тым, як шмат зроблена за адносна невялікі час.
Бывае, пасля добрых словаў прысутнічае сваё “але”: заўвагі і пажаданні, якім чынам палепшыць жыццё дзятлаўчан. Напрыклад, наш ролік пра фантаны ў TikTok атрымаў такую зваротную сувязь:
– Яшчэ б туалет у цэнтры горада пабудавалі, увогуле супер было б. Сорамна! Народ у кусты бегае.
Аказваецца, праблема не ў тым, што туалета ў цэнтры няма, а што не ўсе ведаюць пра яго існаванне. Падрабязней сітуацыю растлумачыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алена Грамко:
– У крокавай даступнасці ад грамадскага цэнтра горада ёсць устаноўленыя біятуалеты на дваровай тэрыторыі будынка Дзятлаўскага камбіната бытавога абслугоўвання, таксама ёсць платны туалет на аўтобуснай станцыі горада Дзятлава. Акрамя таго згодна з пунктам 11 санітарных нормаў і правілаў, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2023 года № 22 “Аб зацвярджэнні санітарных нормаў і правілаў” у грамадскіх будынках, на аўтазаправачных станцыях, рынках, у месцах размяшчэння нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання, нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў, у парках, размешчаных у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, павінен функцыянаваць грамадскі туалет. Парадак яго наведвання ў грамадскіх будынках устанаўліваецца суб’ектамі гаспадарання, якія эксплуатуюць дадзены будынак.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga