Знакавы  юбілей – 80-годдзе Вялікай Перамогі – прымушае нас, удзячных нашчадкаў, ацаніць усё тое бессмяротнае і высакароднае, што было зроблена нашымі продкамі: салдатамі, афіцэрамі, партызанамі, працаўнікамі тылу.

Сёння мы звернемся да ваеннай спадчыны знакамітага пісьменніка Кузьмы Чорнага.  На жаль, лёс адмераў ураджэнцу вёсачкі Борка-Бялевічы надта  мала – усяго 44 гады. Аднак за гэты час таленавіты майстра паспеў ажыццявіць вельмі многае. Прычым ён пакінуў у спадчыну ўзор, як трэба пісаць пра вайну. Праўдзіва і неабыякава, а інакш наогул не трэба брацца за пісьменніцкую працу.

Сёлета споўнілася 125 гадоў з яго дня нараджэння. 

Вялікая Айчынная вайна злосна прайшлася не толькі па яго біяграфіі, але  і  творчасці: ажно тры новыя раманы, даследаванне паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” згарэлі ў першыя дні вайны. Узнаўляць, канешне ж, было вельмі складана. Кузьма Чорны прымаў актыўны ўдзел у выданні легендарнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Гэта было надзвычай вядомае  сатырычнае  выданне для партызан і насельніцтва Беларусі. Выдавалася  з ліпеня 1941 года да мая 1945-га спачатку ў Гомелі,  затым  у прыфрантавой паласе, у Маскве, Навабеліцы, Мінску. Плакат змяшчаў фельетоныпамфлеты,  творы, карыкатуры, якія высмейвалі нацысцкіх дзеячаў і войска, заклікалі да барацьбы з гітлераўцамі. Тут акрамя Кузьмы Чорнага былі надрукаваны антыфашысцкія творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Анатоля Астрэйкі, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Кандрата Крапівы і інш.

У вайну  Кузьма Чорны працаваў над раманамі “Вялікі дзень” (1941- 1944), “Пошукі будучыні” (1943), “Млечны Шлях” (1944), аповесцямі  “Скіп’ёўскі лес”, “Сумліцкая хроніка”, “Смага”. Аўтара хвалюе лёс беларусаў у час вялікіх выпрабаванняў. У вайну выйшаў і  зборнік яго апавяданняў “Вялікае сэрца”  У ваенных  апавяданнях празаік узнаўляў драматычныя эпізоды, малюнкі спусташэння Айчыны і волю беларусаў да супраціўлення, стварыў запамінальныя вобразы людзей, якія сімвалізуюць багацце душы простага чалавека.

Творца выступіў і як аўтар кніжкі фельетонаў “Кат у белай манішцы” (1942), нарыса “Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў” (1943).  Дзённікавыя запісы Кузьма Чорны пачаў весці летам 1944 года. Упершыню яны былі апублікаваны ў часопісе “Полымя” ў 1965 годзе.

Як бачым, беларускія пісьменнікі перакрэслілі афарыстычнае выказванне, якое вядома з даўніх часоў: калі гавораць гарматы, музы маўчаць. У той грозны час музы не маўчалі.  Мастакі слова ўліліся ў рады тых, хто стаў на абарону Радзімы. Адны – мастацкім словам, другія – апранулі салдацкія шынялі і сталі байцамі, трэція рушылі ў партызанскія атрады. І таму айчынная літаратура таксама стала ў баявыя рады, ішла дарогамі вайны, набліжаючы Перамогу.

І таленавіты творца Кузьма Чорны  зведаў у тыя грозныя, вірлівыя  дні глыбокія ўзрушэнні і пакутны боль, пісаў толькі  з вялікай душэўнай самааддачай. Ваенная проза дзякуючы яму пазбаўлялася інертнасці, павярхоўнай ілюстрацыйнасці. Зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з гітлераўскімі заваёўнікамі.

Глыбока  сімвалічна, што Мікалай Карлавіч Раманоўскі і пайшоў з жыцця ў вайну – 22 лістапада 44-га… Творца быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, партызанскім медалём. Ён быў пахаваны на Вайсковых могілках у сталіцы нашай Бацькаўшчыны.

Іменем Кузьмы Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе ёсць  прысвечаны яму музей, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, вуліцы ў Бабруйску, Капылі, МінскуНясвіжыСлуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне  былі адкрыты два мемарыяльныя знакі.

У 2016 годзе выйшла ў свет яго шматтомнае выданне “Вераснёвыя ночы” надрукаванае шрыфтам Брайля.

Да канца сваіх дзён цяжка хворы Кузьма Чорны пісаў творы. Апошні запіс ў яго “Дзённіку”: “Божа, напішы за мяне  мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..”.

Кожны раз, калі я ўзгадваю імя Кузьма Чорны, то адразу ўспамінаю яго выказванне “Чалавек – гэта цэлы свет”. Спрачацца не хочацца, тым больш што гэта мой любімы пісьменнік.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации