Час ад часу ў чат-бот газеты “Перамога” жыхары раёна звяртаюцца ў пошуках выйсця з асабістых бытавых сітуацый. Так, да нас звярнулася дзятлаўчанка з пытаннем, як паўплываць на парушальніка парадку пад балконам шматпавярховага дома.
– Сышоў снег, вось такая карціна пад акном. Падкажыце, як і хто павінен растлумачыць суседу з верхняга паверха, што кідаць акуркі і запалкі ўніз небяспечна. На паверхах ніжэй стаяць пластыкавыя вокны, жывуць людзі, ёсць маленькія дзеці, – апісала сітуацыю жанчына.
Тлумачэнне па дадзенай тэме даў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры:
– Грамадзянам нельга выкідваць цыгарэты і падобныя тытунёвыя вырабы, а таксама запалкі непатушанымі, у тым ліку з аконных праёмаў, балконаў (лоджый) жылых дамоў, у смеццеправоды, смеццевыя кантэйнеры, бакі, урны на прыдамавой тэрыторыі. Гэта патрабаванне зацверджана Правіламі пажарнай бяспекі.
За выкідванне акуркаў з балкона прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, памер якой залежыць ад наступстваў парушэння:
за забруджванне тэрыторыі (смецце): выкідванне акурка расцэньваецца як парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі або забруджванне месцаў агульнага карыстання –штраф па артыкуле 22.12 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь (парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі) да 20 базавых велічыняў;
за засмечванне месцаў агульнага карыстання – штраф па арт. 16.44 КоАП РБ (парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі) да 30 базавых велічыняў;
за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі: калі кінуты акурак (асабліва непатушаны) стварае пагрозу пажару або прыводзіць да яго, адказнасць надыходзіць па артыкуле 24.36 КоАП РБ. Штраф складае да 30 базавых велічыняў;
за пашкоджанне маёмасці або шкоду здароўю: калі з-за акурка адбыўся пажар, які знішчыў чужую маёмасць, або пацярпелі людзі, магчыма крымінальная адказнасць (артыкул 219 Крымінальнага кодэкса РБ — знішчэнне маёмасці па неасцярожнасці) і абавязак пакрыць усю нанесеную шкоду ў грамадзянскім парадку.
Пачаць усё ж варта з мірнага дыялогу, шляхам дружалюбнага вырашэння праблемы.
Калі гутаркі не дапамагаюць, то варта звярнуцца з адпаведнай заявай у міліцыю, РАНС, РУП ЖКГ, арганізацыю, якая ажыццяўляе дзяржаўны санітарны кантроль. Але каб пакараць грамадзяніна за тое, што ён выкінуў смецце або акурак з акна, спатрэбяцца доказы: фота ці відэа, якія пацвярджаюць дадзеныя дзеянні, або паказанні сведак.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga