Чарговы аб’ект, уведзены ў строй пасля капітальнага рамонту, – шасцікватэрны дом па вуліцы Савецкай у гарпасёлку Наваельня.
Агульная плошча кватэр у доме склала 286 квадратных метраў. Праекціроўшчыкам выступіла ТАА “ФрилансГрупп”, генеральным падрадчыкам – ТАА “Стройнет”. Тут замянілі стары шыферны дах, а разам з ім – ужо непрыдатную для эксплуатацыі страпільную сістэму. Таксама былі адрамантаваны дыма-вентыляцыйныя шахты, усталявана вадасцёкавая сістэма. У якасці дадатковых работ быў прадугледжаны рамонт фасаду.


Самым вялікім аб’ектам капітальнага рамонту на сёння застаецца шматкватэрны дом № 4А па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве агульнай плошчай 4520 квадратных метраў. Актыўна вядзе работы на аб’екце калектыў ТАА “Зодчий” (г. Слонім).
– Пачалося другое паўгоддзе, калі мы не толькі прадаўжаем рэалізоўваць бягучыя праекты, але і робім задзел на будучыню, – адзначыў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. – На 2026 год запланаваны шэсць аб’ектаў капрамонту. Два пакеты дакументаў ужо распрацаваны і прайшлі экспертызу, па чатырох заключылі дагаворы з праекціроўшчыкамі – ТАА “Гроднажылпраект”. Да канца гэтага года плануем правесці бягучы рамонт дваровай тэрыторыі каля дома № 10 у гарпасёлку Гезгалы, на наступны год – аналагічныя работы ў Наваельні. Камунальнікі прадаўжаюць рамантаваць тратуарнае пакрыцце па вуліцы Савецкай у райцэнтры, сёлета рамонт тратуара будзе праведзены і на вуліцы Камсамольскай каля будынка філіяла “Беларусбанк”. Акрамя добраўпарадкавання існуючых аб’ектаў у горадзе і пасёлках, будуць стварацца новыя. Напрыклад, цяпер мы вядзём работы па ўладкаванні пешаходнай дарожкі ад вуліцы Азёрнай да гарадскога пляжа, а ў бліжэйшы час будзе заключаны дагавор з фірмай “Эталон-праект” на праектаванне пешаходнага фантана на цэнтральнай плошчы ў Дзятлаве.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #нашелучшее #ремонт