Год добраўпарадкавання. Гандаль у Казлоўшчыне на новым месцы

Снежань у гэтым годзе стаў адметным для жыхароў гарпасёлка Казлоўшчына – у іх з’явілася новае зручнае месца для гандлю. Сімвалічна, што яго ўладкаванне адбылося ў Год добраўпарадкавання. Дарэчы, сёлета на Дзятлаўшчыне шмат пустуючых месцаў набылі новы статус і пачалі прыносіць людзям карысць.

Нягледзячы на пахмурнае туманнае надвор’е з самага ранку ў сераду на новым гандлёвым месцы ў гарпасёлку людна.

Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка расказала, чаму мясцовы выязны гандаль перасялілі менавіта сюды:

– Шмат гадоў рынак у Казлоўшчыне знаходзіўся недалёка ад сельвыканкама, але спецыяльна абсталяванага месца для выязнога гандлю не было, прыходзілася размяшчацца на тратуарах, газонах. Гэта вельмі нязручна, былі праблемы для руху транспарту і пешаходаў, а цяпер стала больш кампактна і бяспечна для людзей.

Раней на гэтым месцы знаходзіўся жылы дом, у якім ніхто доўгі час не жыў, і таму па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” яго зняслі. Тады ўзнікла пытанне аб рацыянальным выкарыстанні гэтага зямельнага ўчастка. Дзякуючы выдзеленым сродкам з раённага бюджэту, а гэта 61 тысяча рублёў, па ініцыятыве кіраўніцтва раёна прынялі рашэнне аб уладкаванні пляцоўкі для гандлю. У лістападзе ДБУ-65 горада Слоніма выканала работы па асфальтаванні гэтага ўчастка, і вось са снежня прадпрымальнікі пачалі гандляваць на новым месцы. Усё зроблена для зручнасці людзей. Дзякуючы такому гаспадарчаму падыходу цяпер у нас не пусты пляц зямлі, а ўладкаванае месца для гандлю. Тут можна набыць і прадукты харчавання, і розныя нехарчовыя тавары. Ёсць месца для стаянкі веласіпедаў, біятуалет, лавачкі, зусім недалёка знаходзіцца і вялікая стаянка для аўтамабіляў. Але заўважу, што гандлёвыя кропкі засталіся і на вуліцы Савецкай на ранейшым месцы, толькі ў крытым павільёне.

Па серадах у Казлоўшчыне гандлююць не толькі мясцовыя прадпрымальнікі, але прыязджаюць прадаўцы з Навагрудка, Баранавічаў, Дзятлава. Усе задаволеныя новым зручным месцам і выказваюць падзяку кіраўніцтву.

Мясцовая прадпрымальніца Людміла адзначыла, што тут ёй гандляваць вельмі падабаецца:

– Там, дзе мы стаялі раней, былі ямы, машыны ездзілі, а тут прасторна, свабодна, можна і нам стаяць, і пакупнікам добра хадзіць, зручна адзенне ці абутак памераць. Усё цудоўна.

– У нашым пасёлку серада – гэта маленькае свята, бо базарны дзень, – гаворыць жыхарка гарпасёлка Казлоўшчына Ганна Мікалаеўна. – Мы, пенсіянеры, на рынак прыходзім не толькі штосьці купіць, але і ўбачыцца са знаёмымі, пагаварыць, навінамі абмяняцца. Цяпер тут больш культурна, машыны не ездзяць, чысціня, парадак. Усё самае неабходнае можна купіць, вось, сёння яблычкі добрыя прывезлі.

Паглядзець, як ідзе гандаль на новым месцы, пацікавіцца ў людзей, ці ўсё ім падабаецца і ці ёсць якія заўвагі, прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская і галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Ілья Габайдулін.

– Мы перыядычна выязджаем правяраць месцы гандлю, відаць, што ў Казлоўшчыне намнога зручней стала, сёння нават больш людзей ходзіць, – заўважыла Вольга Антонаўна. – Цяпер прадумваем яшчэ пытанне з асвятленнем, бо ў асенні і зімовы час з самага ранку, калі пачынаецца гандаль, яшчэ цёмна. Варта адзначыць, што было зменена рашэнне райвыканкама па размяшчэнні нестацыянарных аб’ектаў гандлю. Таксама згодна з гэтым рашэннем цяпер гандляваць на рынку па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве можна будзе толькі ў межах самога рынка, а на пляцоўцы вакол – нельга. Гэта зроблена для бяспекі людзей, каб на стаянцы знаходзіліся толькі аўтамабілі, а не ішоў гандаль.

Так было раней

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски

administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

5 часов ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

7 часов ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

20 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

20 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

21 час ago

Актуальнае меркаванне. Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

21 час ago