У студзені адзначае свой дзень нараджэння наша зямлячка Вера Новік (дзявочае прозвішча Пузач), вядомая беларуская і расійская даследчыца, гісторык, педагог, краязнаўца.
Нарадзілася яна ў сялянскай сям’і ў вёсцы Малая Воля. Пачатковую і сямігадовую адукацыю атрымала ў роднай вёсцы, а сярэднюю школу скончыла ў мястэчку Казлоўшчына. Менавіта тут пачалося яе станаўленне як педагога: у 1965 годзе яна распачала працоўную дзейнасць у Малавольскай васьмігадовай школе, дзе вяла краязнаўчы гурток, прывіваючы вучням цікавасць да гісторыі роднага краю.
Паралельна з педагагічнай працай Вера Міхайлаўна завочна вучылася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтая ўстанова, паводле яе ўласных успамінаў, адыграла рашаючую ролю ў фарміраванні яе як навукоўцы і выкладчыка.
З 1973 года навукова-педагагічная дзейнасць Веры Новік была звязана з вышэйшай школай. Пазней па сямейных абставінах яна пераехала ў горад Йашкар-Ала, дзе актыўна займалася краязнаўчай працай і выкладчыцкай дзейнасцю, працавала на кафедры ўсеагульнай гісторыі Марыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Важным этапам у навуковай біяграфіі Веры Міхайлаўны стала навучанне ў аспірантуры Ленінградскага ўніверсітэта на кафедры гісторыі сярэдніх вякоў. У 1985 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю, атрымаўшы ступень кандыдата гістарычных навук, а пазней ёй было прысвоена вучонае званне дацэнта.
Навуковыя інтарэсы даследчыцы ахопліваюць перш за ўсё гісторыю грамадскай думкі Беларусі XVI стагоддзя. У сваіх работах яна звярталася да праблем развіцця гістарычнай свядомасці, інтэлектуальнай культуры і ролі асобы ў гістарычным працэсе.
Асобнае месца ў жыцці Веры Міхайлаўны займала педагагічная дзейнасць. Яна неаднаразова падкрэслівала, што праца з моладдзю, пастаянны пошук новых падыходаў у выкладанні, навуковыя дыскусіі са студэнтамі і калегамі з’яўляюцца для яе крыніцай прафесійнага росту і натхнення. За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі яна была ўдастоена ганаровага звання “Ветэран працы” і атрымала шэраг урадавых узнагарод.
Жыццёвы і прафесійны шлях Веры Новік – яскравы прыклад таго, як яна, выхадзец з беларускай вёскі, дзякуючы настойлівасці, любові да навукі і адданасці педагагічнай справе, здолела рэалізаваць сябе ў міжнароднай навукова-адукацыйнай прасторы, захаваўшы сувязь з роднай Дзятлаўшчынай.
Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины