У вачах – мудрасць, у сэрцы – вера і дабрыня, на вуснах – малітва – гэта вобраз беларускай жанчыны шаноўнага ўзросту, якому поўнасцю адпавядае наша паважаная зямлячка Юлія Гульнік.

31 студзеня Юлія Фларыянаўна сустрэла свой 108-ы дзень нараджэння. З нагоды важкай даты ў Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прыехалі госці. Безумоўна, самым дарагім і чаканым з іх быў унук Алег Іваноўскі, якога імянінніца выгадавала сама пасля смерці дачкі. Алег Мікалаевіч – былы ваенны лётчык, цяпер і сам пенсіянер, ён жыве ў далёкім Калінінградзе Расійскай Федэрацыі, куды прывёў службовы абавязак. Нягледзячы на адлегласці не забывае любімую бабулю, кожны тыдзень тэлефануе ў аддзяленне, каб даведацца пра яе здароўе.

Не абыходзіць увагай і падтрымкай паважаных жыхароў Дзятлаўшчыны і раённая ўлада, работнікі сферы сацыяльнай абароны насельніцтва, грамадскія арганізацыі, а таму павіншаваць Юлію Фларыянаўну з падарункамі прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, яго намеснік, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Да іх у гарпасёлку далучыліся персанал аддзялення і сябры імянінніцы. Песенную віншавальную паштоўку для Юліі Гульнік падрыхтавалі артысты з Казлоўшчынскага дома культуры.

– Не часта бываюць такія нагоды, як віншаванне са 108-годдзем, і вы – гонар нашага раёна, – звярнуўся да імянінніцы Андрэй Садоўскі. – 2026 год асаблівы для нашай краіны, бо аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, і вы, Юлія Фларыянаўна, наша самая мудрая жанчына раёна, якая перажыла і пабачыла розныя эпохі развіцця Дзятлаўшчыны. Я ўпэўнены, землякі ганарацца, што побач жывуць такія людзі. Жадаю вам і надалей здароўя і дабрабыту, каб яшчэ шмат гадоў вы заставаліся тым пуцяводным маяком, на які могуць раўняцца іншыя – на вопыт, волю, жыццёвы шлях.  

– На тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета ёсць тры жанчыны, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж, аднак па ўзросце вы, Юлія Фларыянаўна, самая мудрая, – зазначыла Ала Гародка. – Жадаю, каб яшчэ шмат гадоў сваім ладам жыцця вы задавалі тон сярод насельнікаў аддзялення. Сіл вам і здароўя!

– Мы рады, што ў аддзяленні ёсць такі цудоўны чалавек, – звярнулася да Юліі Гульнік загадчыца ўстановы Наталля Ляждзей. – Моцнага вам здароўя, каб яшчэ не раз мы святкавалі гэты дзень разам і сустракалі столькі ж гасцей, як сёння.

– Жадаю вам здаровага даўгалецця, вялікі дзякуй адрасую выдатнаму калектыву ўстановы, які сапраўды стварае ўсе ўмовы і клапоціцца пра адзінокіх людзей, якія могуць камфортна жыць у чысціні, прыгажосці, добразычлівасці, – далучыўся да віншаванняў Вадзім Бялятка.

– Юлія Фларыянаўна знаходзцца ў аддзяленні з першых дзён яго адкрыцця, з 2008 года, – расказала Таццяна Нікіпорчык. – Яна не толькі самая старэйшая ў раёне, але і самая “дарослая” ў нашай установе. Спадзяюся, застанецца і ў Кнізе Памяці як найстарэйшая жыхарка Дзятлаўшчыны.

Цёплыя словы прагучалі ад сябровак па аддзяленні і сваячкі імянінніцы Ядвігі Гульнік. Кожны стараўся падзяліцца пяшчотай абдымкаў, сфатаграфавацца побач.

Кранальным было віншаванне ўнука Алега Мікалаевіча, які адзначыў, што яго бабуля – чалавек з няпростым лёсам, бо перажыла Вялікую Айчынную вайну і пасляваенны перыяд, пахавала сваіх дзяцей, сама падняла на ногі яго, адзінага ўнука. Затое дачакалася праўнукаў і прапраўнукаў, якія праз роднага чалавека перадалі імянінніцы свае цёплыя пажаданні. Бабулю Алег Іваноўскі ахарактарызаваў як вельмі добрую, сумленную, уважлівую жанчыну з вялікім сэрцам, нераўнадушную да чужых няшчасцяў.  

Пасля афіцыйнай часткі душэўныя размовы працягнуліся за чаяваннем. Як высветлілася за сталом, унук Алег, якому Юлія Фларыянаўна замяніла маці, вырас годным чалавекам, быў ваенным лётчыкам, лятаў на верталётах МІ-8, МІ-24. Ён вельмі любіць бабулю, ганарыцца ёю і радуецца, што яшчэ ёсць да каго прыязджаць на малую радзіму ў невялікую прыгожую вёску Жадзейкі. Алег Мікалаевіч зазначыў, што прайсці доўгі жыццёвы шлях, нягледзячы на перашкоды і выпрабаванні лёсу, Юліі Фларыянаўне заўжды дапамагалі добразычлівасць і любоў да людзей.

Гадавалася яна ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Галеча, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, частыя змены ў палітычнай сітуацыі і грамадстве былі спадарожнікамі яе сучаснікаў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Юліі Фларыянаўны ўжо было двое дзяцей, якія, на жаль, не дажылі да матулінай старасці, каб паклапаціцца аб ёй. Затое ў шаноўным узросце, калі самой стала складана спраўляцца з хатнімі справамі, жанчына прыняла правільнае рашэнне – пераехаць на пастаяннае жыхарства ў Казлоўшчынскае аддзяленне. З таго часу шчасліва жыве тут, стаўшы сапраўднай славутасцю і талісманам установы. Кожны яе дзень пачынаецца з малітвы за родных, сяброў, персанал. Яе мудрыя выказванні даволі часта, як самая лепшая падтрымка, дапамагаюць спраўляцца з цяжкасцямі і турботамі тым, хто побач.

На развітанне блізкія і госці выказалі спадзяванне, што праз год яны зноў сустрэнуцца на чарговым дні нараджэння Юліі Фларыянаўны, бо ад такіх свят на душы надоўга застаюцца станоўчыя эмоцыі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #Годбелорусскойженщины

Похожие публикации