Напярэдадні Дня народнага адзінства адкрылася абноўленая экспазіцыя Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Ва ўрачыстасці, прысвечанай гэтай знакавай для раёна падзеі, прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, работнікі культуры, навучэнцы і педагогі школ райцэнтра, а таксама калектыў і ветэраны працы музея.

Уся гісторыя дзятлаўскага музея – адлюстраванне дзейнасці жыхароў раёна, іх ідэй, намаганняў і любові да сваёй справы. Арганізацыя першай экспазіцыі пачалася ў далёкім 1966 годзе па ініцыятыве старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Сяргея Кабяка і першага сакратара Дзятлаўскага раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Івана Крыжаноўскага. Непасрэдным стваральнікам, аўтарам першай экспазіцыі і першым дырэктарам музея стаў краязнаўца-энтузіяст Міхаіл Петрыкевіч. Сёння стабільнае развіццё і функцыянаванне музея, умацаванне яго дзейнасці праводзяцца пры падтрымцы кіраўніцтва раёна і пад куратарствам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.




Андрэй Садоўскі павіншаваў прысутных з адкрыццём новай экспазіцыі і надыходзячым Днём народнага адзінства. Ён падзякаваў за работу калектыву музея, а таксама абласным куратарам за падтрымку праекта.

– Сёння хвалюючы і важны дзень для ўсіх дзятлаўчан, калі мы адкрываем абноўленую экспазіцыю Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, якому сёлета споўнілася 60 гадоў. На працягу часу яго існавання не адбывалася істотных пераменаў, і цяпер узнікла неабходнасць прадставіць матэрыялы, сабраныя пакаленнямі дзятлаўскіх краязнаўцаў у новай, сучаснай падачы. Таму было прынята рашэнне аб выдзяленні з раённага бюджэту сродкаў на правядзенне работ па стварэнні экспазіцыі. Хачу выказаць словы ўдзячнасці найперш ветэранам працы, якія стаялі ля вытокаў стварэння музея, якія многія гады жыцця прысвяцілі карпатлівай рабоце па зборы матэрыялаў і стварэнні базы. Без захавання гісторыі не можа быць будучыні. На жаль, белыя плямы ў мінулым яшчэ ёсць: не так шмат звестак аб Паўночнай, Першай сусветнай войнах, пры гэтым актыўна ідзе пошукавая работа па высвятленні новых фактаў аб Вялікай Айчыннай вайне і падзеях сучаснасці. Наша задача – не дапусціць скажэння падзей мінулага і захаваць гістарычную праўду. Упэўнены, што новая экспазіцыя ўсім спадабаецца, і музей стане цэнтрам прыцягнення дзяцей і дарослых, а пошукавая работа будзе прадоўжана, – адзначыў кіраўнік раёна.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды тым, хто беражліва збіраў і захоўваў гісторыю Дзятлаўшчыны і прадаўжае гэту работу. Ганаровай граматай райвыканкама быў адзначаны ветэран працы Фёдар Красюк, падзячным лістом старшыні райвыканкама – ветэран працы Ірына Якаўчык, загадчык гаспадаркі музея Ала Свіб, галоўны захавальнік музейнага фонду Валянціна Дорда.




Алена Клімовіч высока ацаніла работу па абнаўленні музея і павіншавала дзятлаўчан з важнай вехай у культурным жыцці раёна:

– У гэты дзень хачу пачаць са словаў падзякі кіраўніцтву Дзятлаўскага райвыканкама за тую ўвагу, матэрыяльную падтрымку, якая надаецца развіццю культуры Дзятлаўшчыны. Сёння хвалюючы момант, калі чарговы праект увасоблены ў жыццё. Гісторыя, культура – гэта той падмурак, які робіць нас беларусамі, і захаванне гэтых каштоўнасцяў – інвестыцыя ў сучаснасць і будучыню краіны.

Моладзі, якая таксама прысутнічала на мерапрыемстве, Алена Віктараўна пажадала высокіх дасягненняў, якія будуць упісаны ў гісторыю Дзятлаўшчыны і нашай краіны, зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыі раённага музея.

Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская адзначыла, што маштабная работа па абнаўленні экспазіцыі была складанай, але надзвычай цікавай.

Госці мерапрыемства перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, і дырэктар музея запрасіла прысутных на першую экскурсію па абноўленых залах музея. Сімвалічна, што важнае месца ў экспазіцыі прысвечана надыходзячаму маладому святу з багатай гісторыяй – Дню народнага адзінства.





























Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #РАЗАМ #17Верасня #МЫедины #адзiннарод