9 мая святочныя мерапрыемствы да 80-годдзя Вялікай Перамогі распачаліся на Дзятлаўшчыне Маршам памяці і ўрачыстым мітынгам каля абеліска Славы.

Пад гукі Новаяльнянскага духавога аркестра па вуліцах райцэнтра прайшлі ўдзельнікі традыцыйнай акцыі “Беларусь памятае” – дзеці і дарослыя з фотапартрэтамі сваіх продкаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Разам з імі ў святочнай калоне да абеліска рухаліся прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, воіны-афганцы, навучэнцы школ раёна, каб ушанаваць памяць землякоў.

На абеліску Славы, свяшчэнным для жыхароў раёна месцы, яны аддалі даніну памяці і пашаны тым, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, мірным жыхарам, жыцці якіх забрала ваеннае ліхалецце. Роўна апоўдні разам з усёй краінай дзятлаўчане сталі ўдзельнікамі Усебеларускай хвіліны маўчання.

– 9 мая наша краіна адзначае Дзень Вялікай Перамогі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Гэта свята, якое спалучае ў сабе смутак і радасць, аб’ядноўвае ўсіх нас пачуццём гонару за доблесныя подзвігі продкаў, якія застануцца ў памяці навечна, свята гордага народа-пераможцы. Сёння мы сабраліся на гэтым свяшчэнным месцы, каб выказаць глыбокую ўдзячнасць нашым паважаным ветэранам і ўдзельнікам вайны, ушанаваць памяць усіх, хто абараняў нас у тыя вогненныя гады.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўзгадаў трагічныя і гераічныя старонкі мінулага Дзятлаўшчыны і павіншаваў прысутных са святам:

– Для беларускага народа Дзень Перамогі мае асаблівае значэнне. Наша рэспубліка ў ваеннае ліхалецце пацярпела як ні адна краіна ў свеце.

Дыханне вайны ўвайшло і ў кожны дом Дзятлаўшчыны. За доўгія і страшныя тры гады акупацыі мясцовыя жыхары ў поўнай меры адчулі на сабе жахі фашызму, нацызму, генацыду, халакосту. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна фашысты ўтварылі 4 гета, былі знішчаны 23 населеныя пункты, 7 з якіх – поўнасцю, яшчэ 16 – часткова. У выніку карных аперацый колькасць сельскіх жыхароў у раёне зменшылася на чвэрць. Нельга змірыцца са страшным лёсам дзяцей інтэрнацыянальнага піянерскага лагера ў Наваельні, якіх не ўдалося своечасова эвакуіраваць, і Дзятлаўскага прытулка. У жывых засталося толькі 17 дзяцей, 76 памерлі ад голаду, холаду і хвароб. У гісторыю Дзятлаўшчыны назаўжды ўпісаны сумны лёс ахвяр халакосту ў вёсках Коцькі і Курпешы, горадзе Дзятлаве, гарадскіх пасёлках Наваельня і Казлоўшчына.

Аднак ніякія зверствы і здзекі фашысцкіх катаў не здолелі зламаць волю нашага народа. Дзятлаўшчына не скарылася ворагу. Яна стала сапраўднай цытадэллю мужнасці, у якой неверагодную адвагу праявілі не толькі байцы, але і мясцовыя жыхары. Сімвалам самаахвярнага служэння сваёй радзіме з’яўляюцца магілы ваеннаслужачых Чырвонай арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія абаранялі і вызвалялі Дзятлаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 98 помнікаў на тэрыторыі раёна нагадваюць тым, хто жыве цяпер, пра далёкія гады, якія сталі для савецкага народа сапраўдным выпрабаваннем, і аб слаўных продках, якія цаной свайго жыцця абаранілі родную зямлю ад фашызму, пакінулі нам наказ берагчы мір, жыць у згодзе і стваральнай працы.

Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць пакаленню пераможцаў! Яно – узор адданага служэння Радзіме, нязломнай волі і цвёрдасці духу, эталон абавязку, гонару і вернасці.

Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў віншую вас з Днём Перамогі!

У гэты знамянальны дзень ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых поспехаў і мірнага неба над галавой.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ксёндз-пробашч Андрэй Лішко павіншавалі прысутных з Днём Вялікай Перамогі і запрасілі далучыцца да сумеснай малітвы аб супакоі душаў загінулых і памерлых у гады вайны.

Ад імя моладзі землякоў павіншавала першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Моладзь заўжды будзе помніць і шанаваць подзвіг сваіх герояў, якія падарылі нам Вялікую Перамогу, магчымасць жыць, любіць, вучыцца, працаваць у мірнай і незалежнай краіне. Дзякуй усім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за тое, што выстаялі, перамаглі, дзякуй ветэранам працы за адноўленыя гарады і вёскі, за шчырую сумленную працу. Дзякуй за гэта светлае свята – Дзень Перамогі.

Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінулых, усклаўшы вянкі, гірлянды і кветкі да мемарыяла і Вечнага агню.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ВОВ #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина 

Похожие публикации