23 снежня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце выязны прыём грамадзян, юрыдычных асоб і прыватных прадпрымальнікаў правялі Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Юрый Селіверстаў і член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык.
Для аператыўнага вырашэння пытанняў удзел у прыёме прымаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
У час сустрэчы паступіў адзін зварот да галоўнага доктара Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктара Яцкевіча, які тычыўся далейшага фінансавання будаўніцтва Новаяльнянскай гарадской бальніцы.
Каб можна было больш дэталёва прааналізаваць перспектывы развіцця гэтага структурнага падраздзялення ЦРБ, Віктар Казіміравіч расказаў аб стане сістэмы аховы здароўя Дзятлаўшчыны ў цэлым. Яна ўключае ў сябе райбальніцу і паліклініку, дзве гарадскія бальніцы ў Казлоўшчыне і Наваельні, чатыры амбулаторыі, бальніцу сястрынскага догляду на сорак месцаў, пятнаццаць стацыянарных ФАПаў і два перасоўныя, адзін з якіх набыты за сродкі раённага, другі – рэспубліканскага бюджэтаў. Як падкрэсліў заяўнік, сфера актыўна развіваецца: нядаўна па цэнтралізаваных закупках атрыманы апарат ультрагукавога даследавання высокага класа, ён дазволіць вывесці паслугу на новы ўзровень, заканчваецца капрамонт рэнтгенаўскага аддзялення і паступіў новы лічбавы флюарограф замест ранейшага плёначнага, новым для раёна стане яшчэ і пастаўка ў першым квартале 2026 года мамаграфічнага апарата.

Як адзначыў галоўны доктар, у параўнанні з цэнтральнымі бальніцамі іншых раёнаў Гродзеншчыны аналагічных па насельніцтве Дзятлаўская ЦРБ адчувальна выйграе (тут захавалася хірургічнае аддзяленне, ёсць эндаскапічны кабінет, будзе і мамаграфічны), усё дзякуючы замацаванню кваліфікаваных кадраў. Зразумела, што некаторыя віды медыцынскай дапамогі дзятлаўчанам аказваюцца ў міжраённых цэнтрах, якія знаходзяцца ў Лідзе, Астраўцы, Слоніме, Ваўкавыску. Тым не менш, пры адчувальнай падтрымцы раённага кіраўніцтва, медыцына раёна развіваецца, набываецца новае абсталяванне, што дае пазітыўныя вынікі. Напрыклад, паказчык па экспарце паслуг, запатрабаваных у расіян, якія адпачываюць у санаторыях “Радон” і “Альфа Радон”, выконваецца на 150 %, а часам і больш.
Як бачым, асноўнай увагі патрабуе менавіта структурнае падраздзяленне ў гарпасёлку Наваельня.
Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі акцэнтаваў увагу прысутных на ходзе будаўніцтва Новаяльнянскай бальніцы:
– Гэта гарпасялковая бальніца шмат дзесяцігоддзяў знаходзілася ў драўляным будынку 1939 года ўзвядзення, з-за чаго пастаянна паступалі абгрунтаваныя скаргі насельніцтва. Райвыканкам не застаўся ў баку ад праблемы: два гады таму была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на паліклініку і бальніцу. Паколькі гэта зона радыеактыўнага забруджвання з часоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аб’ект увайшоў у дзяржаўную праграму фінансавання. У 2024-2025 гадах на будоўлю было выдзелена 1,2 мільёна рублёў, за якія ўзведзена каробка, накрыты дах. Астатнюю суму для завяршэння работ плануецца атрымаць за кошт сродкаў інвестыцыйнай праграмы Гродзенскай вобласці. З мэтай патаннення аб’екта і ўлікам колькасці насельніцтва ў праект плануецца ўнесці карэктывы, якія прадугледжваюць пабудову ў Наваельні паліклінікі з дзённым стацыянарам, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, знос старых будынкаў.
Юрый Селіверстаў і Павел Ашурык паабяцалі, што пытанне фінансавання гэтага аб’екта будзе ўзята на кантроль.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga