Шаноўныя землякі, ці даўно вы проста гулялі па родным горадзе Дзятлаве? Аказваецца, тут не толькі шмат адметнасцяў і цікавых мясцін, а час ад часу з’яўляюцца і адшукваюцца новыя. Пра тое, чым здзіўляе турыстаў і не толькі іх гарадскі парк па вуліцы Слонімскай, расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк:

– Ужо некалькі гадоў запар у час суботнікаў кіраўніцтва раёна і работнікі арганізацый Дзятлаўшчыны ўдзельнічаюць у навядзенні парадку ў гарадскім парку па вуліцы Слонімскай. Актыўна ўключыўся ў работу і калектыў Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Парк быў прарэджаны ад старых дрэваў і кустоўя, пасвятлеў.

Цэнтральнае месца ў ім па праве займае камень, звязаны з закладкай алеі Памяці ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. Нядаўна мы залілі пад гэтым каменем новую бетонную тумбу, якая будзе абкладзены пліткай. Пасля прадастаўлення поўнай інфармацыі аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама на ім будзе прымацавана новая шыльда са згадкай гэтай гістарычнай падзеі. Акрамя таго, думаю, многія заўважылі, што на ўваходзе ў парк з’явіліся свае вартавыя – высокія драўляныя выявы казачных волатаў, якія “пераехалі” сюды з былой Лявонавіцкай школы і дадалі каларыту гэтаму месцу. Мы іх аднавілі, умацавалі і пафарбавалі. Работа над пераўвасабленнем парка будзе прадоўжана, каб дзятлаўчане і госці горада маглі з прыемнасцю бавіць час тут.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае