Ужо ў канцы мінулага года быў зацверджаны і пачаў рэалізоўвацца план капітальнага рамонту жыллёвага фонду ў раёне. Аб тым, якія дамы сёлета будуць адрамантаваны, расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк:

– З мэтай выканання даведзенага задання па капітальным рамонце ў 2026 годзе ў раёне былі прадугледжаны работы на шасці шматкватэрных дамах: у горадзе Дзятлаве – дом № 5 па вуліцы К. Цэткін, дамы № 14, 6 – па Чырвонаармейскай, дом № 9 – па Навагрудскай, дом № 11 – па Першамайскай і дом № 15 А па вуліцы Савецкай у гарпасёлку Казлоўшчына. На выкананне будаўніча-мантажных работ у пачатку года было выдзелена з раённага бюджэту 2 мільёны 622 тысячы рублёў, дзякуючы чаму мы своечасова правялі працэдуру закупкі па выбары падраднай арганізацыі і прыступілі да работ. Таксама акумуляваны фінансы з адлічэнняў грамадзян на капітальны рамонт.

– Якія будаўнічыя арганізацыі сёлета ўдзельнічаюць у рамонце жылога фонду?
– Падрадчыкам на капітальным рамонце дома № 5 па вуліцы К. Цэткін выступіла ТАА “Буркум” (горад Ліда). У доме № 11 па вуліцы Першамайскай працуе ТАА “Зодчий”, якое за гады работы ў нашым раёне зарэкамендавала сябе надзейным і адказным партнёрам. З-за халадоў будаўнічыя работы былі прыпынены з канца студзеня да нядаўняга часу, з устанаўленнем стабільна цёплага надвор’я працэс адноўлены і выконваецца згодна з графікам. На абодвух аб’ектах на сёння зроблена палова агульнага аб’ёму работ. У доме № 5 па вуліцы К. Цэткін былі заменены вокны ў месцах агульнага карыстання, уваходныя, тамбурныя дзверы, праведзены рамонт стыкаў сценавых панэляў, замена экранаў агароджы балконаў, абноўлены электрычныя сеткі з заменай электрычных шчыткоў паміж паверхамі. Застаецца зрабіць рамонт даху (замену сцяжкі і рулоннага пакрыцця), замяніць сантэхніку, уцяпліць тарцавую сцяну фасада. На вуліцы Першамайскай таксама выкананы асноўны комплекс будаўніча-мантажных работ, у бліжэйшы час будуць заменены ўваходныя дзверы. Сярэдні тэрмін па кожным з аб’ектаў – каля трох месяцаў за мінусам перыяду прыпынення работ па аб’ектыўных умовах. За тэрмінамі і якасцю пільна сочаць адказныя структуры, у тым ліку кантралюючая інжынерная арганізацыя ТАА “РосБелінжынірынг”.


– Якія найбліжэйшыя планы?
– Дзякуючы фінансаванню з раённага бюджэту ў поўным аб’ёме, мы ўжо правялі працэдуру закупкі падраднай арганізацыі на ўсе гадавыя аб’екты. У дамах № 6 і 14 па вуліцы Чырвонаармейскай будаўніча-мантажныя работы будзе праводзіць таксама ТАА “Буркум”. Комплекс стандартны: замена вокнаў і дзвярэй у месцах агульнага карыстання, сантэхнікі, рамонт уваходных груп, даху з заменай парапетных пліт і ўладкаваннем агароджы, стыкаў сценавых панэляў. Напрыканцы сакавіка будзе праводзіцца працэдура закупкі па двух астатніх дамах, і ў другое паўгоддзе мы ўвойдзем у працэсе работы на ўсіх гадавых аб’ектах капітальнага рамонту. Ужо сёлета зробім зачын на 2027 год: да кастрычніка складзём і пададзім на дзяржаўную будаўнічую экспертызу праектна-каштарысную дакументацыю па рамонце дома № 33 па вуліцы Кастрычніцкай і дома № 6 па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае