Хоць галоўнае вясновае жаночае свята прайшло, аднак віншаванні не заканчваюцца. 9 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы ладзілася сустрэча міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Івана Кубракова з жанчынамі, якія  служаць у органах унутраных спраў і ўнутраных войсках. Яна аб’яднала шматдзетных маці, супрацоўніц, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а таксама кіраўнікоў пярвічных арганізацый Беларускага саюза жанчын у МУС. Гаварылі пра дзяцей, сямейныя каштоўнасці. Жанчыны шчыра дзякавалі кіраўніцтву МУС за клопат і ўвагу, расказвалі, як удаецца сумяшчаць службу і сямейныя клопаты.

Сярод удзельніц мерапрыемства была і наша зямлячка, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віорыка Сербін. Яна расказала, чым запомнілася паездка і з якімі ўражаннямі вярнулася дадому:

– Настолькі цудоўная, душэўная, шчырая атрымалася сустрэча з міністрам і калегамі з усіх куточкаў Беларусі. Мы пагаварылі аб праблемах, абмеркавалі, як можна зрабіць жыццё маці, якія служаць у міліцыі, лягчэйшым і больш камфортным, бо, як зазначыў Іван Уладзіміравіч, на нашых плячах ляжыць вялікая нагрузка. Таксама былі агучаны тэмы льгот і заахвочванняў шматдзетных маці ведамства, аздараўлення і правядзення вольнага часу дзяцей на канікулах. Спадабалася адна з агучаных прапаноў аб стварэнні аздараўленчага лагера для дзяцей супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта было б цудоўна і, упэўнена, запатрабавана.

Вельмі кранулі і запомніліся шчырыя словы міністра пра тое, што міліцыя – гэта адна вялікая сям’я, дзе кожны падтрымлівае адзін аднаго, і вялікім калектывам мы можам зрабіць многае.

Таксама ў гэты дзень для нас арганізавалі экскурсію ў Палац Незалежнасці. Асабліва ўразіла мяне Зала ўрачыстых цырымоній, дзе адчуваецца проста неверагодная велічнасць і ўрачыстасць.

Сімвалічна, што ў аб’яўлены Прэзідэнтам Год беларускай жанчыны па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў спецыяльна для шматдзетных маці быў заснаваны новы нагрудны знак “За ўмацаванне правапарадку і захоўванне традыцыйных каштоўнасцей”. Першымі яго ўладальніцамі сталі менавіта ўдзельніцы святочнай сустрэчы. Мне вельмі ганарова было атрымаць гэту ўзнагароду з рук міністра.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации