Гаспадар у вёсцы і першы энтузіяст. Стараста вёскі Данілавічы Аляксандр Турчэнік

Вёска Данілавічы, асабліва ў летні час, прываблівае дагледжанасцю і чысцінёй. Яна патанае ў зеляніне садоў, стракацее кветнікамі. Ёсць тут і некалькі адметных падворкаў, гаспадары якіх творча падышлі да іх афармлення.

Адзін з такіх належыць старасту вёскі Аляксандру Турчэніку, які, дарэчы, клапоціцца не толькі пра ўласную сядзібу, але і пра ўвесь населены пункт, мясцовую капліцу і могілкі.

Наогул, добры стараста – гэта гаспадар у вёсцы, без яго не абысціся ні жыхарам, ні мясцовай адміністрацыі. Стараста – першы памочнік старшыні сельвыканкама і заўсёды ў курсе вясковых праблем. Ён і траву падкосіць, і народ арганізуе, каб храм добраўпарадкаваць, і за парадкам на вясковых могілках прасочыць. А для аднавяскоўцаў стараста – дарадчык, сацыяльная служба, псіхолаг, і ўсё гэта на грамадскіх пачынаннях і ўласным энтузіязме.

У роднай вёсцы Данілавічы Аляксандра Турчэніка вёдаюць усе, і ён сам з заплюшчанымі вачамі можа апісаць кожны двор, кожны куточак сваёй малой радзімы, аб якой дбайна клапоціцца, робіць усё магчымае, каб яна прыгажэла.

Працуе Аляксандр Уладзіслававіч вадзіцелем аўтобуса ў ААТ “Граніт-Агра” ўжо шмат гадоў, уладкаваўся сюды пасля заканчэння школы. Кіраўніцтва гаспадаркі і калегі характарызуюць яго як чалавека сціплага, нешматслоўнага, але працавітага, руплівага, творчага.  Пра такіх у народзе кажуць: “чалавек справы”, “залішне словамі не раскідваецца”. Аляксандр Уладзіслававіч заўсёды клапоціцца аб сваім аўтобусе і пасажырах. Ён падтрымлівае чысціню ў салоне транспартнага сродка, а ў спякотныя дні не забываецца захапіць з сабой у дарогу пітной вады, каб пасажыры не пакутавалі ад смагі. Восенню ставіць тут для работнікаў гаспадаркі скрыню з яблыкамі, каб падсілкаваліся, пакуль будуць ехаць. Духмяныя плады стараста збірае не толькі ў сваім садзе, расказвае, што яблыкі бярэ і на безгаспадарчых учасках, маўляў, навошта ўраджаю прападаць, калі можна пачаставаць людзей.

 

Тэрыторыя Данілавіцкага сельскага савета – гэта 39 населеных пунктаў, сярод якіх ёсць вёскі, дзе жывуць да 10 чалавек, а ёсць – з насельніцтвам звыш сотні. На гэтай тэрыторыі працуюць 20 вясковых старастаў, і Аляксандр Уладзіслававіч адзін з іх. У яго адказны ўчастак, бо ў Данілавічах жывуць 136 вяскоўцаў, пераважная большасць з якіх – пенсіянеры, толькі 60 чалавек – працаздольнага ўзросту. З кожным годам павялічваецца колькасць пустуючых дамоў, але, дзякуючы намаганням старасты і яго арганізатарскім здольнасцям, вёска выглядае дастойна. Вылучаецца яна не толькі дагледжанымі падворкамі і скошанымі ўзбочынамі, але і малымі архітэктурнымі формамі. З дапаможанага матэрыялу і сапсаваных гаспадарчых рэчаў здольны Аляксандр Уладзіслававіч ствараць сапраўдную прыгажосць: то парэнчы для мастка, то аздобу для ліхтара, то іншыя творы ручной работы. Прызнаецца, што новыя ідэі прыходзяць нават у сне, нездарма яго дзядзька быў мастаком, а дзед – сталяром, вось такая “спадчына” дасталася вясковаму старасту ад продкаў.

Вялікая работа зроблена Аляксандрам Турчэнікам і па добраўпарадкаванні мясцовых могілкаў. З яго ініцыятывы там выдалены аварыйныя дрэвы, зрэзана кустоўе, пабудавана новая агароджа з прыгожымі металічнымі варотамі і сакавіта-зялёнымі елачкамі, пастаянна падтрымліваецца чысціня. Насупраць “вечнага горада” па-гаспадарску змайстравана лавачка, абсталяваны “шчыток” з рабочым інструментам. Гэта, каб мясцовыя бабулі і дзядулі не неслі з сабой рыдлёўку або венік, а ўзялі ўсё неабходнае тут, на месцы, прыбралі магілы родных і паклалі інструмент назад, а затым і на лавачцы маглі адпачыць перад дарогай дахаты.

Увогуле, могілкі Аляксандр Турчэнік лічыць святой зямлёй, у якой ляжаць яго землякі, вядомыя і забытыя. А таму вясковы стараста за ўласныя сродкі ўстанавіў надгробніцы і два помнікі на магілах пахаваных тут вяскоўцаў, у якіх не засталося родных.

З жонкай Ірынай Пятроўнай наглядае Аляксандр Уладзіслававіч і за каплічкай Святой Маці Божай Тройчы Цудоўнай у вёсцы Данілавічы. За чысцінёй унутры і кветнікамі вакол капліцы сочыць жонка, усю мужчынскую работу выконвае муж. За гэта бабулі-прыхаджанкі хваляць старасту і моляцца за яго здароўе.

Добрымі адносінамі да людзей і роднага куточка Аляксандр Турчэнік заваяваў павагу ў вяскоўцаў, уласным прыкладам ён натхняе іх на справы на карысць малой радзімы, бо аднаму зрабіць усё не пад сілу, а дапамога – заўсёды дарэчы. Аднавяскоўцы разумеюць, што парадак на зямлі і наладжаны побыт у многім заслугі гэтага непрыкметнага чалавека без тытулаў і званняў, да меркавання якога яны прыслухоўваюцца – простага вясковага старасты.

Ірына КАЎКЕЛЬ

administrator

View Comments

Recent Posts

На старт! Увага! Марш!

Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…

29 минут ago

Пошукі скарбаў, бітва талентаў і тэрапія весялосцю

На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…

34 минуты ago

“Зецельскі фэст” – тэрыторыя шчасця

30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…

2 часа ago

«Зецельскі фэст» ў Дзятлаве.  Шэсце па цэнтральнай вуліцы

Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем  пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…

3 часа ago

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

9 часов ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

24 часа ago