Categories: Падзеі

Фізік з крылатай душой

Не будзем весці дыскусіі на тэму, хто важнейшы ў жыцці — фізікі ці лірыкі. Патрэбныя і тыя, і другія. І людзей з крылатай душой, і з матэматычным складам мыслення на нашай дзятлаўскай зямлі шмат. Ёсць у нас і вучоныя-фізікі, прычым знакамітыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Адным з такіх фізікаў, што прысвяцілі гэтай няпростай навуцы сваё жыццё, з’яўляецца Міхаіл Міхайлавіч Кугейка, прафесар, доктар фізічных навук, загадчык кафедры квантавай радыёфізікі БДУ.

Міхаіл Міхайлавіч адразу згадзіўся падзяліцца з нашым музеем сваім архівам. Выслаў па пошце некаторыя матэрыялы праз тыдзень пасля таго, як мы яго адшукалі. Аднак хацелася асабіста сустрэцца з вучоным, пагаварыць, адчуць энергетыку чалавека, які працаваў усё жыццё ў такой складанай навуковай сферы — квантавай фізіцы. Ды і атрымаць у падарунак яшчэ некаторыя экспанаты, у тым ліку кнігі, навуковыя працы.
Сустрэцца доўга не атрымлівалася праз занятасць прафесара, але нарэшце напрыканцы маіх двухтыднёвых курсаў у Мінску ўсё ж пашчасціла. Міхаіл Міхайлавіч прыйшоў на Цэнтральны аўтавакзал за паўгадзіны да адпраўлення аўтобуса на Дзятлава. Прыйшоў з экспанатамі і шчырым жаданнем быць карысным сваёй малой радзіме і нашаму музею.

— У Погірах ужо даўно не бываю, — прызнаўся ён. — Родных нікога няма, хату прадалі. Цяпер езджу на Вілейшчыну, на радзіму жонкі. Там у мяне дача.

Сказаў з нейкім шкадаваннем, з сумам у вачах. А калі пачалі гаварыць пра Дзятлава, успамінаць, то з гонарам адзначыў: ”Я вучыўся ў другой школе”.

Шмат каму другая школа, а цяпер гімназія, дала пуцёўку ў жыццё. У тым ліку і Мішу Кугейку з Погір, сціпламу вясковаму хлопцу, які і не думаў калісьці, што будзе ўсё жыццё займацца фізікай.

Нарадзіўся Міхаіл Міхайлавіч у красавіку 1948 года, пасля вайны. Час быў няпросты. Усякае бывала: і апрануць не было чаго, і паесці часам неставала. Але вучыцца хацелася. Перамагала цяга да ведаў, мог гадзінамі пры газнічцы чытаць, вучыць урокі. А калі пайшоў у дзятлаўскую школу, выявілася, што мае матэматычныя здольнасці. Скончыўшы 8 класаў сярэдняй школы №2 горада Дзятлава, паступіў у аўтамеханічны тэхнікум, пасля заканчэння якога стаў студэнтам фізічнага факультэта БДУ. Пасля працаваў старшым тэхнікам, інжынерам, малодшым навуковым супрацоўнікам і навуковым супрацоўнікам інстытута прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанка. Праца ў інстытуце, шматгадовы вопыт даследаванняў дазволілі ў 1984 годзе абараніць кандыдацкую дысертацыю.

З 1987 года Міхаіл Міхайлавіч з’яўляўся вядучым навуковым супрацоўнікам, дацэнтам кафедры квантавай фізікі і оптаэлектронікі. У 1994 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 2003 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара.

Цяпер М. М. Кугейка з’яўляецца кіраўніком навукова-даследчай лабараторыі лазерных сістэм, загадчыкам кафедры квантавай фізікі і оптаэлектронікі фізічнага факультэта БДУ. Пад яго кіраўніцтвам выканана больш за 10 навукова-даследчых работ у рамках розных навуковых праграм, абаронены дзве кандыдацкія дысертацыі. Вынікі яго даследаванняў змешчаны ў больш чым 300 публікацыях.

Міхаіл Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам трох манаграфій і больш чым 50 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы. Ён вядзе навукова-метадычную работу, распрацоўвае і выдае дапаможнікі, курсы лекцый, навукова-метадычныя артыкулы. З’яўляецца членам вучонага Савета БДУ, членам экспертнага Савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па электроніцы і радыётэхніцы, членам спецыялізаванага Савета па абароне дысертацый, членам рэдкалегіі часопіса “Электроніка-інфа”.

І пры такой занятасці Міхаіл Міхайлавіч паспявае заўважаць прыгажосць навакольнай прыроды, пасядзець з вудай каля Віліі і папрацаваць на сваёй дачы.

Праца прафесара М. М. Кугейкі неаднаразова адзначалася на дзяржаўным узроўні. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі і навукі атрымаў персанальную надбаўку, а таксама стыпендыю Прэзідэнта па выніках конкурсу сярод дзеячаў навукі. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Белдзяржуніверсітэта. Яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

У наступным годзе Міхаіл Міхайлавіч адзначыць сваё 70-годдзе. Амаль пяцьдзясят гадоў з сямідзесяці аддадзена навуцы, яго ўлюбёнай фізіцы. Навуцы будучага, бо менавіта пад кіраўніцтвам вучонага ў нашай краіне развіваецца такая важная галіна фізікі, як квантавая фізіка. Вопыт, веды, старанне прафесара яшчэ многія гады будуць запатрабаваны ў краіне.

Напрыканцы сустрэчы запрасіла Міхаіла Міхайлавіча ў Дзятлава, у родную школу на сустрэчу з выпускнікамі. І ён згадзіўся. Хочацца спадзявацца, што гэта сустрэча абавязкова адбудзецца.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

7 часов ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

7 часов ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

9 часов ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

9 часов ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

9 часов ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

12 часов ago