У калектыве Дзятлаўскага раёна электрычных сетак ва ўрачыстай абстаноўцы праводзілі на заслужаны адпачынак начальніка арганізацыі Міхаіла Ступчыка.

Павіншаваць Міхаіла Міхайлавіча з днём нараджэння і падзякаваць за шматгадовую плённую працу ў энергетычнай сістэме Дзятлаўшчыны прыбылі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснік Дзмітрый Баравік, дырэктар філіяла “Ваўкавыскія электрычныя сеткі” Анатоль Міклашэвіч.

З цёплымі словамі віншавання да імянінніка звярнуўся кіраўнік раёна:

– На працягу нашага супрацоўніцтва вы паказалі сябе як мудры кіраўнік і адказны выканальнік, любыя сітуацыі вырашалі дастойна і аператыўна, каб рэальны сектар эканомікі функцыянаваў без збояў. Хачу падзякаваць вам за ўзаемадзеянне і чалавечнасць. На працягу двух апошніх гадоў у раёне быў рэалізаваны грунтоўны праект па замене свяцільнікаў вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах, які дадаўся ў капілку вашых працоўных дасягненняў. Жадаю вам і надалей займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, знайсці сябе ў захапленнях і справах, быць апорай сваёй сям’і. Няхай здароўе будзе моцным, а кожны новы дзень жыцця дорыць радасць і задавальненне.


За шматгадовую сумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё энергасістэмы Дзятлаўскага раёна Андрэй Садоўскі ўручыў Міхаілу Ступчыку Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама.

– Пад кіраўніцтвам Міхаіла Ступчыка ваш калектыў прайшоў стабільны шлях устойлівага развіцця. Разам вы не толькі паспяхова выконвалі паўсядзённыя задачы, але і дапамагалі калегам ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі, – узгадаў старонкі біяграфіі імянінніка Анатоль Міклашэвіч. – Дзякуй за працу, за адносіны да справы і людзей. Наша работа, асабліва на кіруючых пасадах, патрабуе поўнай аддачы, нават у выхадныя дні. У Міхаіла Міхайлавіча ёсць выдатная якасць характару: разумная патрабавальнасць да калектыву, партнёраў і найперш – да сябе. Ён заслужыў словы глыбокай павагі ад кіраўніцтва і калег па працы. Жадаю вам знайсці сябе на заслужаным адпачынку. Любімая сям’я, захапленні не дадуць вам засумаваць. Мы ўпэўнены, што вы не будзеце забываць і свой калектыў. Спадзяёмся на далейшую дапамогу, падтрымку і мудрыя парады.

За шматгадовую сумленную працу ў энергасістэме, высокі прафесіяналізм, дасягненні ў вырашэнні пытанняў вытворчага характару, а таксама ў сувязі з завяршэннем працоўнай дзейнасці Анатоль Францавіч уручыў Ганаровую грамату філіяла “Ваўкавыскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга”.

– Хачу выказаць словы ўдзячнасці за плённую сумесную работу. Наша служба ніколі не была гладкай і спакойнай, аднак разам мы выконвалі самую важную задачу – надзейнае электразабеспячэнне насельніцтва і арганізацый Дзятлаўскага раёна. Так застанецца і надалей. Жадаю вам далейшых працоўных поспехаў і стабільнай выніковай работы, моцнага здароўя і мірнага неба, – адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.

33 гады свайго жыцця Міхаіл Ступчык прысвяціў рабоце ў Дзятлаўскіх электрычных сетках. Працаваў дыспетчарам, майстрам рамонтна-эксплуатацыйнай брыгады, галоўным інжынерам. З 2016 года ўзначальваў падраздзяленне. За прафесіяналізм і працоўныя поспехі ён быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у ліку якіх – нагрудныя знакі “Выдатнік беларускай энергасістэмы” і “За аднаўленне энергазабеспячэння”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае