Каманда СВК “Граніт-Агра” і добраахвотнае пажарнае фарміраванне СВК “Русь-Агра” сталі пераможцамі сёлетніх раённых спаборніцтваў санітарных дружынаў і пажарных падраздзяленняў.
За званне лепшых спрачаліся 8 санітарных дружын і 12 пажарных фарміраванняў — каманды сельгасвытворчых кааператываў, Дзятлаўскага лясгасу, Дварэцкага льнозавода, Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў.
Напачатку каманды павіталі і пажадалі поспехаў намеснікі старшыні райвыканкама Ю. П. Залеўскі і М. В. Мацюкевіч. Затым удзельнікі спаборніцтваў накіраваліся на свае ўчасткі выпрабаванняў.
Удзельніцам спаборніцтваў санітарных дружынаў неабходна было прадэманстраваць тэарэтычныя веды па медыцынскай дапамозе ў барацьбе з інфекцыйнымі хваробамі, у ядзерным ачагу, у шпітальным аддзяленні. А пачаліся іспыты з праверкі ўкамплектавання медыцынскіх сумак.
Як адзначылі суддзі спаборніцтваў, усе каманды падрыхтаваліся добра, паказалі выдатныя веды. Тым не менш, былі вызначаны каманды-пераможцы. Па выніках іспытаў у шпітальным аддзяленні лепшыя вынікі паказала санітарная дружына СВК “Вензавец”, у інфекцыйным — СВК “Дварэц-Агра”, у ядзерным ачагу — СВК “Русь-Агра”. У агульна камандным заліку разам з камандай-пераможцай СВК “Граніт-Агра” у тройку лідараў увайшлі санітарныя дружыны СВК “Хвінявічы” і СВК “Жукоўшчына”. Да спаборніцтваў гэтыя каманды рыхтавалі медыцынскія работнікі Р. К. Альшэўская, Т. А. Плошчанка і Л. В. Кучынская.
Удзельнікам спаборніцтваў пажарных фарміраванняў неабходна было пераадолець стометровую паласу з перашкодамі, прайсці пажарную эстафету. Каманды лясгаса і Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў ўдзельнічалі і ў баявым разгортванні.
Разам з пераможцай спаборніцтваў пажарных фарміраванняў — камандай СВК “Русь-Агра” — у ліку лепшых і каманды СВК “Дварэц-Агра” і СВК “Белагурна”.
Пераможцы спаборніцтваў адзначаны грашовымі прэміямі і граматамі. Таксама каманды атрымалі грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і раённай арганізацыі добраахвотнага пажарнага таварыства.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Б. ВАРНЫ