На базе гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыехалі працаваць у наш раён.

Удзел у ёй прынялі каля 40 маладых работнікаў, якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць у арганізацыях, гаспадарках, на прадпрыемствах раёна. Каб бліжэй пазнаёміць з дзятлаўскай зямлёй, даведацца аб іх патрэбах і запытах, паказаць магчымасці прафесійнага росту, грамадскай дзейнасці і культурнага адпачынку, на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама і ўстановаў Дзятлаўшчыны.

Андрэй Садоўскі павітаў маладых людзей і павіншаваў іх са стартам у прафесію:

– На Дзятлаўшчыне ёсць добрая традыцыя ўшаноўваць маладых спецыялістаў і знаёміць іх з нашым рэгіёнам. Прыемна, што сёлета да нас прыбылі 84 маладыя спецыялісты ў розныя сферы – адукацыі, культуры, медыцыны, сельскай гаспадаркі, 12 з вас – работнікі прамысловых прадпрыемстваў. Не перабольшу, калі скажу, што вам моцна пашанцавала з першым месцам працы: наш раён унікальны, гарманічны, і вы будзеце мець шмат магчымасцяў рэалізаваць сябе тут.

Андрэй Уладзіміравіч расказаў аб геаграфічных асаблівасцях Дзятлаўшчыны, рабоце эканомікі, самых незвычайных і паспяховых прадпрыемствах, адметнасцях і развіцці сацыяльнай сферы. Ён адзначыў, што кіраўніцтва раёна і арганізацый стварае ўсе ўмовы для маладых спецыялістаў, каб іх першае рабочае месца стала пастаянным.

Аб умовах адаптацыі на першым працоўным месцы расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. Ён даў адказы на самыя папулярныя пытанні, з якімі моладзь звяртаецца ў прафсаюз.

Не менш цікавым для маладых людзей стала выступленне галоўнага спецыяліста аддзела іпатэчнага і льготнага крэдытавання, іпатэчнага офіса Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Наталлі Пракулевіч. Яна расказала аб магчымасці атрымання льготных крэдытаў на першае жыллё або пакупку тавараў беларускай вытворчасці.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч паведаміў аб перспектывах кар’ернага і прафесійнага росту, якія адкрываюцца перад маладымі людзьмі на Дзятлаўшчыне. Ён расказаў, якім чынам у раёне фарміруецца рэзерв кадраў кіруючых работнікаў, і падкрэсліў, што ў невялікіх раёнах, як наш, больш магчымасцяў стаць паспяховымі.

Перспектывы будаўніцтва, пакупкі і атрымання арэнднага жылля акрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. Ён расказаў, што сёлета будзе здадзены ў эксплуатацыю шматкватэрны дом у Казлоўшчыне, дзе з’явіцца магчымасць атрымаць арэндную кватэру. Аналагічны праект будзе рэалізаваны ў гарпасёлку Наваельня.

З турыстычным патэнцыялам, распрацаванымі маршрутамі і рознымі відамі турыстычных паслугаў, якімі можна скарыстацца на Дзятлаўшчыне, прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.

Больш падрабязна на магчымасцях заняткаў спортам і фізкультурай у вольны час спыніўся загадчык сектара Дзмітрый Ёда.

Пра шырокія магчымасці культурнага адпачынку на Дзятлаўшчыне для маладых людзей і не толькі расказала загадчыца метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец. Яна адзначыла, што ў раёне штогод праводзіцца больш за 1000 мерапрыемстваў, сярод якіх кожны знойдзе цікавае для сябе. Запрасіла маладых людзей актыўна прымаць удзел у іх.

Пра моладзевы рух, патрыятычнае выхаванне, захаванне гістарычнай памяці, валанцёрства, моладзевыя акцыі, праекты і мерапрыемствы, студатрады і спартыўныя старты паведаміла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Усіх, хто робіць першыя крокі ў прафесіі на дзятлаўскай зямлі, павітала ў недалёкім мінулым таксама малады спецыяліст, а сёння – дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дэлегат VІІ Усебеларускага народнага сходу Марына Нячай. Яна расказала сваю гісторыю, запэўніла, што тое, наколькі  паспяховым кожны стане ў сваёй прафесіі, залежыць ад жадання працаваць, быць актыўнымі і браць адказнасць за сябе і сваю справу перад калектывам, раёнам і краінай.

Сустрэча завяршылася музычнай паштоўкай ад артыстаў і навучэнцаў школ Дзятлаўшчыны. З творчым нумарам выступіла і малады спецыяліст Інэса Максімава.

Добрае ўражанне ад мерапрыемства падмацавала аглядавая экскурсія па горадзе “Знаёмцеся – Дзятлава!”, якую для маладых работнкаў правяла спецыяліст па турызме Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык.

У час яе маладыя людзі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад першага працоўнага месца і сустрэчы з кіраўніцтвам раёна.

Аляксей Сіняк, загадчык майстэрні вёскі Пруд:

– Вельмі задаволены, што патрапіў працаваць у такі дружны і вясёлы калектыў. Напачатку было крыху складана ў прафесійным плане, але мяне падтрымалі, работа пад куратарствам настаўніка Сяргея Пятліцкага наладзілася, цяпер усё атрымліваецца. Сённяшняя сустрэча была вельмі насычанай і карыснай. Мы даведаліся шмат новай інфармацыі, асабліва цікава было пачуць пра льготныя крэдыты для моладзі і магчымасць атрымаць арэнднае жыллё. Культурная праграма таксама надзвычай цікавая.

Анастасія Калесніковіч, выхавальнік дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава:

– Так выпала, што ў навучальную ўстанову нас, маладых спецыялістаў, сёлета прыйшло адразу трое. Разам адаптуемся, вучымся практычнай рабоце. Дзякуй калектыву, які вельмі добра прыняў і дапамог. Я сама з Брэстчыны і проста закахалася ў прыгожы горад Дзятлава, з задавальненнем прайшла экскурсійным маршрутам. На сустрэчы з кіраўніцтвам раёна пачула шмат карыснай інфармацыі, нават зрабіла сабе пазнакі. У бліжэйшы час пацікаўлюся перспектывамі будаўніцтва жылля, а летам з калегамі абавязкова адпраўлюся на сплаў на байдарках.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации