Уладальніцай гран-пры раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, які праходзіць у рамках міжнароднай культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”, сёлета стала Лізавета Дварчанін з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Цікава было даведацца ў нашай юнай зямлячкі, як удалося выйсці ў раённыя пераможцы і чаго ў цэлым яна чакае ад праекта.

– Навучэнцы вашай школы некалькі гадоў запар утрымліваюць планку лідарства. Мяркую, аб конкурсе ты даведалася менавіта ад іх?

– Сапраўды, я ведала, што на “Цягніку Памяці” ўжо падарожнічалі нашы вучні Станіслаў Якаўчык і Анастасія Шавель. Безумоўна, яны дзяліліся сваімі ўражаннямі. Гэта цудоўны вопыт. Па іх эмоцыях было зразумела, што паехаць у такую вандроўку захоча кожны. Я таксама вырашыла паспрабаваць свае сілы.

– Ці хвалявалася пры падрыхтоўцы, хто падтрымліваў і дапамагаў?

– Мне дапамагалі мае бацькі, асабліва матуля. Яна заўжды для мяне падтрымка і апора, а паколькі яшчэ і педагог, працуе ў гэтай сферы, то аказала грунтоўную дапамогу.

– Што ты паклала ў сваё партфоліа?

– Самую цікавую інфармацыю пра сябе. Я пастаянна ўдзельнічаю ў конкурсах, мне падабаецца выступаць на сцэне, для мяне гэта аддушына. Шмат чым захапляюся: скончыла мастацкую школу, доўгі час наведвала тэатральную студыю, з другога класа займаюся вакалам, іграю ў школьным ансамблі, з якім нямала выступаем. Часта падарожнічаем з бацькамі, яны расказваюць пра Беларусь, пра нашу малую радзіму, бабуляў і дзядуляў. Заўжды цікава атрымліваць такую інфармацыю. Сярод маіх знакамітых продкаў па татавай лініі – Ігнат Дварчанін. Сярод матуліных родных былі тыя, хто ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, бабуля, якая магла ўсё расказаць больш падрабязна, ужо памерла.

– Аб чым ты пісала ў сваім эсэ “80 мірных гадоў”?

– Акцэнт якраз быў зроблены на тым, што люблю вывучаць гісторыю сваёй сям’і, якая цесна звязана з гісторыяй вайны. Гэта важныя і хвалюючыя ўспаміны, на іх пабудаваны аповед.

– Выступленне пачынаецца з візітоўкі. Яе прадставіш і ў Гродне. Ці плануеш мяняць, удасканальваць сюжэт?

– Мяркую, што не, проста больш буду рэпеціраваць, каб не хвалявацца на абласной сцэне. Увогуле, вопыт выступленняў у мяне багаты, але на конкурсах расказваць менавіта пра сябе раней не даводзілася. Падтрымае і будзе дапамагаць выдатная каманда. Гэта мае аднакласнікі і кіраўнік па вакале Валянцін Палухін, яны паклапоцяцца аб тэхнічных момантах. Побач будуць таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель, мой класны кіраўнік Валянціна Белашэвіч. Спачатку меркавалі, што паедзе і мама, але баюся моцных перажыванняў і эмоцый: хочацца быць максімальна сабранай і ўпэўненай. Яна застанецца дома “трымаць за мяне кулачкі”.

– Чаму марыш аб падарожжы на “Цягніку Памяці”?

– Хачу паглыбіць веды пра ваенныя падзеі, даведацца новыя імёны герояў, пачуць гісторыі іншых сем’яў, пабываць у памятных мясцінах, адчуць атмасферу таго часу. Яшчэ хочацца пазнаёміцца з іншымі маладымі людзьмі, пачуць пра іх погляды на жыццё, зразумець, ці падобныя ў нас інтарэсы, пасябраваць. Чакаю эмоцый ад падарожжа па розных гарадах, ад сустрэч з цікавымі людзьмі. Спадзяюся, усё гэта ажыццявіцца і прынясе шмат пазітыву.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование #молодежь #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации