У Гродзенскім абласным драматычным тэатры прайшла калегія ўпраўлення культуры аблвыканкама, на якой падвялі вынікі работы арганізацый сферы культуры вобласці за 2025 год.
У ёй прымала ўдзел і дэлегацыя Дзятлаўскага раёна, у якую щвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько, дырэктары раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская, дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка, раённай бібліятэкі Вольга Бойка, гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская.
– На калегіі абмеркавалі перспектывы развіцця галіны сёлета, – расказаў Васіль Шыцько. – У тым ліку асаблівая ўвага нададзена Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады, якая арыентавана на развіццё чалавечага патэнцыялу, якасную адукацыю і патрыятычнае выхаванне. Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, культурнае жыццё нашага рэгіёна разнастайнае. Яно спалучае буйныя падзеі з сістэмнай працай на месцах і ўвагай да людзей, якія гэту культуру ствараюць і падтрымліваюць. Асноўная мэта для ўсіх прадстаўнікоў сферы заключаецца ў стварэнні культурнай прасторы, якая будзе прывабліваць людзей, развіваць цікавасць да культуры, гісторыі і традыцый Беларусі, умацоўваць наш брэнд унутры краіны і за яе межамі.

Напрыканцы мерапрыемства па традыцыі за высокія дасягненні і поспехі ў рабоце лепшыя супрацоўнікі і калектывы сферы культуры рэгіёна былі адзначаны ўзнагародамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Сярод узнагароджаных – выкладчыца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік узорнага ансамбля скрыпачоў “Зорачкі” Алена Кашко. Яна атрымала Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.
У фае драматычнага тэатра тэматычную прэзентацыю прадстаўляла вядомае многім не толькі на Дзятлаўшчыне, але і ва ўсёй Гродзенскай вобласці аматарскае аб’яднанне па бальных танцах “Эліт Данс” пад кіраўніцтвам Анатоля Кардаша.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае