Ужо сёння, 21 сакавіка, стартуе рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё”, якая аб’яднае беларусаў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Дзятлаўчане плануюць актыўна ў ёй паўдзельнічаць, паказаўшы ўласным прыкладам, што пасільны ўклад у аднаўленне нацыянальнага ляснога фонду можа зрабіць кожны.

Як расказаў галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько, у нашым раёне лесааднаўленне будзе праводзіцца на 18 планавых участках плошчай больш за 17 гектараў, падрыхтавана 83 тысячы раслінаў пасадачнага матэрыялу.
Канстанцін Пятровіч адзначае, што акцыю, як і ў папярэднія гады, плануюць падтрымаць многія арганізацыі раёна. Дарэчы, каб прыняць у ёй удзел, добраахвотнікам неабходна звязацца з лясгасам або лясніцтвам і заявіць пра сваё жаданне. Лесагаспадарчыя ўстановы галіны забяспечаць валанцёраў інвентаром і пасадачным матэрыялам.
Нагадаем, што акцыя, накіравана на лесааднаўленне пасля разгулу леташняй ліпеньскай стыхіі. Пройдзе ў Беларусі з 21 сакавіка па 12 красавіка ўжо ў другі раз. Восенню мінулага года старт ініцыятыве Мінлясгаса даў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сімвалічна, што ў гэты раз акцыя пройдзе пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Цікава, што ініцыятыва прадоўжыцца акцыяй “Лес! Дабро! Парадак!”, якая стартуе з 12 красавіка з мэтай добраўпарадкавання беларускіх лясоў. Фінішуе мерапрыемства 1 мая ў Свята працы. Такім чынам, у Год добраўпарадкавання Міністэрства лясной гаспадаркі правядзе сапраўдны марафон з добраахвотных акцый.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#лес #акция