30 мая прайшоў другі цэнтралізаваны экзамен, у Дзятлаўскім раёне на яго, як і на першы, зарэгістраваліся 144 чалавекі.

Сёння навучэнцы 11-х класаў здавалі ЦЭ па рускай і беларускай мовах, іспыты прайшлі на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Выпускнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі, перажываннямі і планамі на паступленне.

Максім Гародка (Казлоўшчынская СШ):

– Першым ЦЭ я здаваў грамадазнаўства, і там, шчыра кажучы, чакалі сюрпрызы. Было шмат новых заданняў і тэрмінаў, якія не сустракаліся на рэпетыцыйным тэсціраванні, але мы іх разбіралі з педагогам і рэпетытарам. Вядома, было хваляванне, але думаю, справіўся някепска. Сёння была беларуская мова, і я адчуваў сябе больш упэўнена. Дзякуй за падрыхтоўку класнаму кіраўніку Ірыне Аляксандраўне Ламака, якая дала патрэбныя веды. Атмасфера строгасці прысутнічала, але на тое ён і экзамен. У такія моманты найбольш выразна разумеем, што мы ўжо дарослыя, з адказнасцю за сябе і свой выбар. Спадзяюся, атрымаю высокі бал, і гэта мне дапаможа паступіць на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Валерыя Касцюк (Казлоўшчынская СШ):

– Нягледзячы на тое, што пройдзены вялікі шлях і падрыхтоўка, сёння было вельмі перажывальна. Але калі займаеш сваё месца за партай, хваляванне адступае на другі план, застаецца мэта, да якой мы ідзём, яна дапамагае засяродзіцца на важным. Веру, што беларускую мову напісалі добра, бо нас рыхтавала самы лепшы класны кіраўнік.  На РТ я набірала 70-80 балаў, спадзяюся, тут будзе не менш. На мой погляд, выніковы экзамен па ўсіх прадметах крыху больш складаны, чым пробны. Цяжкавата, але справіцца можна, калі ўзяць сябе ў рукі. Акрамя ведаў, важная ўнутраная дысцыпліна і ўважлівасць у запаўненні бланкаў, тут няма шанцу на памылку. Усім, хто здае іспыты, жадаю ўдачы і веры ў сябе. Гэта першае, але не апошняе наша выпрабаванне, якое належыць прайсці дастойна.

Вікторыя Шымчык (гімназія № 1 горада Дзятлава):

– Сёння здавала рускую мову, усё прайшло добра. Я не хвалявалася, была ўпэўнена ў сваіх ведах. Першай здавала матэматыку і нават крыху была здзіўлена: заданні мне падаліся прасцейшымі за рэпетыцыйнае тэсціраванне, ні з якімі не ўзнікла праблем. Да матэматыкі рыхтавалася з класным кіраўніком Нінай Трафімчык, рускую мову штудзіравала сама і наведвала дадатковыя заняткі ў школе. Гэтых ведаў аказалася дастаткова для здачы іспыту. Наперадзе яшчэ англіская мова. Спадзяюся таксама здаць яе добра і паступіць на эканамічны факультэт у сталіцу. У мінулым годзе прахадны бал там быў 364, так што ёсць да чаго імкнуцца!

Глеб Гоман (гімназія № 1 горада Дзятлава):

– Рады, што мы пераадолелі ўжо 2/3 шляху да паступлення. Экзамены прайшлі добра і спакойна, без нечаканасцяў, ведаў хапіла. На першым іспыце па матэматыцы заданні былі, здаецца, нават прасцейшыя, чым я настройваўся. Сёння таксама ўсе заданні па рускай мове былі даступныя і зразумелыя. Гэтаму паспрыяла самастойная падрыхтоўка, дадатковыя заняткі ў школе і работа з рэпетытарамі. Дзякуй педагогам гімназіі за ўвагу, цярпенне і веды, якія нам далі. Стараюся здаць усё на высокі бал, бо хачу паступіць на бюджэт у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, буду інжынерам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации