Прадаўжаецца сезон палявання, у час якога лясы Дзятлаўшчыны наведваюць не толькі беларускія аматары палявання, але і замежнікі. Пра сучасны паляўнічы турызм і перспектывы яго развіцця ў раёне расказаў інжынер па паляўнічай гаспадарцы Дзятлаўскага лясгаса Дзмітрый Францкевіч:

– Лесапаляўнічая гаспадарка раёна прадстаўлена чатырма егерскімі абходамі на агульнай плошчы 45 тысяч гектараў на тэрыторыі Казлоўшчынскага, Дзямянаўскага, Рудаяварскага, Лявонавіцкага і Вензавецкага лясніцтваў. На кожным з іх ажыццяўляецца здабыча асноўных відаў жывёл, якія ёсць у нашых лясах: алень высакародны, лось, лань еўрапейская, казуля, бабёр. Таксама шырока прадстаўлена паляванне на пушную дзічыну (заяц-русак, заяц-бяляк), таксама праводзіцца паляванне на непажаданыя віды (воўк, ліса, янотападобны сабака).

– Хто прыязджае паляваць на Дзятлаўшчыну?

– Пераважная большасць гасцей – беларусы: за адзін месяц колькасць паляўнічых, якія наведваюць нашы лясы, даходзіць да 200 чалавек. Егеры на ўсіх участках занятыя на 100 % і нават больш. Таксама за 10 месяцаў гэтага года праведзены сем паляўнічых тураў, у якіх удзельнічалі 15 паляўнічых, усе грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Гэта дазволіла лясгасу атрымаць прыбытак больш за 34 тысячы рублёў.

– Што найперш цікавіць замежных турыстаў?

– Найчасцей у Беларусь едуць па трафеі: здабываюць лася, аленя, казулю. Цяпер ідзе і загоннае паляванне, і паляванне з падыходу. Замежных грамадзян найперш цікавяць тыя віды і жывёлы, якіх няма ў іх. Напрыклад, у ваколіцах Масквы практычна няма казулі і аленя, па іх прыязджаюць да нас; лось карыстаецца попытам пераважна трафейны. Дзятлаўскі раён – адзін з нямногіх у Беларусі, у якім з 2023 года прадстаўлена паляванне на еўрапейскую лань ва ўмовах дзікай прыроды, а не ў загоне, якое карыстаецца папулярнасцю. Ужо 10 лістапада ў раён прыедзе пастаянны наш госць з Расіі  – 80-гадовы паляўнічы з вялікім стажам. Ён задаволены нашымі трафеямі і наведвае Дзятлаўшчыну два разы на год. Старэйшае пакаленне палюе па-асабліваму, выконваючы рытуалы і захоўваючы шматгадовыя традыцыі. Многія вяртаюцца да нас зноў і зноў, на маю думку, у гэтым заслуга якасці прадастаўляемых паслуг – пражыванне, харчаванне, суправаджэнне палявання спецыялістамі і, нарэшце, жаданы вынік палявання – трафей. Заўважу, што часта трафеі, здабытыя ў Дзятлаўскім раёне, атрымліваюць залаты медаль, заносяцца ў трафейную кнігу Рэспублікі Беларусь. Перавагай з’яўляецца і тое, што вялікі пакет дакументаў для правядзення паляўнічага тура папярэдне рыхтуем мы самі, каб госці маглі ўжо непасрэдна прыехаць і атрымаць задавальненне ад працэсу. Часта разам з паляўнічымі едуць турысты, якія не ўдзельнічаюць у паляванні, але ім падабаецца адпачынпк на прыродзе, наведваюць экалагічныя сцяжыны, экскурсійныя туры, якія прапануе раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр. Нарэшце, некаторыя любяць выйсці на рыбалку: снасці мы таксама прадастаўляем.

– Дзе спыніцца тым, хто едзе на працяглы час?

– Калі беларусы прыязджаюць пераважна на кароткі тэрмін, то паляўнічыя туры для замежных грамадзян могуць праходзіць ад трох-пяці дзён да дзесяці і нават месяца. Для прыёму і размяшчэння паляўнічых і не толькі іх у нас ёсць комплекс “Домік паляўнічага” на базе Вензавецкага лясніцтва, разлічаны на адначасовае размяшчэнне пяці чалавек. Там абсталяваны месцы для захоўвання зброі, раздзелкі дзічыны, ёсць халадзільны куфар для захоўвання ўпаляваных жывёл. Функцыянуюць дзве вулічныя лазні – фурако і бочка. Галоўнае, што падабаецца гасцям – гэта размяшчэнне комплексу за межамі населеных пунктаў, у лясным масіве – далей ад мітусні, побач з прыродай.

– Як плануеце развіваць паляўнічы турызм у раёне?

– У гэтым напрамку шмат зроблена, аднак мы не спыняемся на дасягнутым: працуем з пастаяннымі кліентамі і зацікаўліваем новых, удасканальваем маршруты, пастаянна павышаем якасць паслуг. Цяпер знаходзімся ў працэсе закупкі новай халадзільнай камеры аб’ёмам восем кубічных метраў для часовага захоўвання мяса. У бліжэйных планах – развіваць у комплексе з паляваннем арганізацыю адпачынку, што павысіць працягласць знаходжання гасцей, колькасць турыстаў і, заканамерна, прыбытак лясніцтва. Мы рады гасцям, аднак ніколі не забываем мэту: паляванне – найперш спосаб рэгулявання папуляцыі розных відаў жывёл, а ўжо ў другую чаргу адпачынак і турыстычныя паслугі. Колькасць пуцёвак на здабычу трафейных відаў абмежаваная, аднак нам яшчэ ёсць чым здзіўляць. Плануем паказаць не толькі непаўторную прыроду нашага краю, але і архітэктуру, гістарычныя адметнасці. Ёсць перспектывы для стварэння інфармацыйнай прадукцыі аб асаблівасцях і традыцыях палявання на Дзятлаўшчыне.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара, з архіва Дзятлаўскага лясгаса

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации