Добры дзень, летнік!

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе працуе дзённы аздараўленча-выхаваўчы лагер “Здаравячок”.

У кожнага выхаванца будзе магчымасць праявіць сябе: спазнаць свой унутраны свет, навакольнае асяроддзе, прадэманстраваць здольнасці і таленты. Для выхаванцаў запланаваны цікавыя і займальныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне аб’ектыўных і паважлівых адносін да гістарычнага мінулага Беларусі, знакавых падзей у гісторыі краіны, дзяржаўных сімвалаў; развіццё навыкаў здаровага ладу жыцця, усвядомленага стаўлення да свайго здароўя, захаванне правіл бяспечных паводзін.

Адукацыйны турызм у дзеянні

Ветраэлектрастанцыя пад Навагрудкам – адна са славутасцяў раёна.

Каб даведацца, як яна працуе, туды адправіліся навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы. Яны даведаліся, што першая ветраэнергетычная ўстаноўка была пабудавана ў Навагрудскім раёне ў 2011 годзе, што ветракі самі пачынаюць круціцца пры хуткасці ветру 3 м/с і выпрацоўваюць энергію пры максімальных парывах ветру 25 м/с, генератар ВЭУ важыць 50 тон і знаходзіцца на вышыні 80 м, а 40-метровыя лопасці ветракоў аўтаматычна мяняюць сваё размяшчэнне, улоўліваючы патокі ветру. Дзякуючы аднаўляльным крыніцам энергіі, да якіх адносіцца ветраэнергетычная станцыя, у Навагрудскім раёне цяпер колькасць выкідаў вуглякіслага газу скарацілася на 20 %. Усяго ж на ВЭУ выпрацоўваецца чвэрць усёй электраэнергіі ў раёне.

Бяспека пачынаецца з дыялога

Выхаваўча-аздараўленчы дзённы лагер “Эрудыт” у гімназіі № 1 горада Дзятлава стаў пляцоўкай для размовы аб бяспецы, правах і адказнасці. У госці сюды наведаліся  інспектар па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Арына Грыб і капітан міліцыі Дзяніс Жыбарт. У час гутаркі яны падзяліліся рэальнымі выпадкамі з практыкі, наглядна паказаўшы, да якіх наступстваў можа прывесці парушэнне закона.

Лагер “Падарожжа”: новыя ўражанні і знаёмствы

У Хвінявіцкай сярэдняй школе працуе дзённы выхаваўча-аздараўленчы лагер “Падарожжа”. Адной з самых яркіх падзей тут стала квэст-гульня “Зачараваная Восень”, якая дазволіла не толькі весела правесці час, але і прадэманстраваць свае навыкі рашэння комплексных задач. Спартыўная гадзіна ў форме эстафеты “Вясёлыя старты” садзейнічала фізічнаму развіццю дзяцей, эмацыйнай разрадцы і выхаванню духу таварыства. Была таксама арганізавана арт-прастора “Дары восені”, дзе кожны змог паказаць сваю крэатыўнасць і выказаць сябе з дапамогай розных матэрыялаў і формаў: лепка, маляванне, аплікацыя.

Час адкрыццяў і прыемных уражанняў

Кожны дзень лагера “Эколаг” Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна – гэта сустрэчы, адкрыцці, прыемныя ўражанні. Бадзёра, весела, з энергічнай зарадкі пачалі дзеці восеньскую змену. Выхаванцы аформілі атрадныя куткі, выбралі камандзіра атрада, упрыгожылі вокны, а таксама прагледзелі ролік аб бяспецы падчас восеньскіх канікулаў, адказалі на пытанні і на памяць атрымалі размалёўкі.

Спартыўныя гульні “Разам весела гуляць” дазволілі праявіць свае фізічныя якасці, развіць камандны дух, а ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Бяспечны інтэрнэт” – атрымаць патрэбныя  парады аб тым, як не стаць ахвярай махляроў. У час гульні-квэсту “Лясныя знаходкі” даведаліся пра таямніцы лесу, паспрабавалі раскрыць яго сакрэты.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации