Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” прайшло ў райцэнтры пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Удзел у ім прымалі старшыні і спецыялісты сельвыканкамаў раёна.

З асноўнай тэмай прысутных азнаёміў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Ігар Хітро. Расказаў, што сельвыканкамам сумесна з дэпутатамі, кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый вядзецца мэтанакіраваная сістэмная работа па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

У Дзятлаўскі сельскі Савет выбрана дзевяць дэпутатаў, яго рабочы орган – выканаўчы камітэт – складаецца з пяці чалавек. Кіруючая і распарадчая дзейнасць сельскага Савета і выканаўчага камітэта будуецца на аснове рэгламента і ажыццяўляецца канкрэтнымі рашэннямі і распараджэннямі старшыні. На пасяджэннях разглядаюцца пытанні паводле гадавых планаў, прымаюцца адпаведныя рашэнні, выкананне якіх знаходзіцца на кантролі старшыні сельвыканкама. Копіі рашэнняў накіроўваюцца ў арганізацыі і ўстановы, кіраўнікам якіх дэлегіравана іх выкананне.

З пачатку года ў сельвыканкам паступіла сем зваротаў грамадзян (летась – пяць). Пераважна яны тычыліся жыллёвых пытанняў, землекарыстання, стану дарог, выдалення аб’ектаў расліннага свету.

У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”, дзе занята 366 чалавек, каля 50 запрашаюцца дадаткова на сезонныя работы. Плошча сельгасугоддзяў – 7638 гектараў, з якіх 4000 – ворыва, 3638 – лугі. Працуюць Раклевіцкі дзіцячы сад (11 выхаванцаў), Раклевіцкая бібліятэка-клуб, Раклевіцкі ФАП, два магазіны спажыўкааперацыі, населеныя пункты, дзе іх няма, абслугоўваюць аўталаўкі, ёсць аддзяленне паштовай сувязі і праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любы від тавараў.

Плошча сельсавета складае 239 квадратных кіламетраў, на ёй знаходзіцца 31 населены пункт. Самыя буйныя – аграгарадок Раклевічы (358 жыхароў), вёскі Засецце (220) і Апаліна-Басіна (182). Менш за дзесяць жыхароў у вёсках Запашка, Каменка, Нямковічы, Палубачкі, Тарасавічы, а ў Сіратоўшчыне ніхто не жыве. Усяго налічваецца 865 гаспадарак і 1690 чалавек, сярод якіх 988 – працаздольныя, 222 – дзеці, 480 – пенсіянеры, у тым ліку 16 адзінокіх і 268, якія жывуць адзінока. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзяцца пяць чалавек, працуюць тры сацыяльныя работнікі. Сёлета у сельсавеце нарадзілася пяць дзяцей, летась – шэсць.

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць Раклевіцкі і Міроўшчынскі ФАПы, Дзятлаўская раённая і Новаяльнянская гарадская паліклінікі. Медыкі рэгулярна аглядаюць і аказваюць дапамогу катэгарыраваным пажылым людзям, таксама такія жыхары пад увагай у час штогадовых камісійных аглядаў розных службаў, пры неабходнасці ім аказваецца дапамога, у тым ліку па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога стану. Так, з пачатку года ў домаўладаннях чатырох адзінокіх пенсіянераў усталяваны пажарныя апавяшчальнікі з вывадам гукавога сігналу на фасад, яшчэ двум аказана матэрыяльная дапамога для іх устаноўкі. Шмат увагі сельвыканкам надае забеспячэнню бяспечнай жыццядзейнасці ўразлівых катэгорый – рамонту пячнога ацяплення, электраправодкі, забеспячэнню палівам. Па лініі пажарнай бяспекі сёлета праверана 240 домаўладанняў, выяўлены 32 парушэнні, 31 ужо выпраўлена. Нягледзячы на прафілактычную работу, на тэрыторыі сельсавета з трох да сямі вырасла колькасць пажараў: два адбыліся ў жыллі, столькі ж у аўтамабілях, тры – у гаспадарчых пабудовах.

Значную дапамогу сельвыканкаму ў рабоце аказваюць 22 старасты населеных пунктаў, пераважна людзі пенсійнага ўзросту. Яны дапамагаюць у арганізацыі мерапрыемстваў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый і агульнага карыстання, грамадскіх могілкаў, інфармуюць сельвыканкам аб стане спраў, недабрабыце ў сем’ях, з’яўленні падазроных асоб.

Шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню: на энергазберагальныя заменены вулічныя ліхтары ў 10 населеных пунктах, газіфікаванымі з’яўляюцца 14, сабраны заявы ад жыхароў вёскі Яцвезь на газіфікацыю. Поўнасцю сёлета пакладзены асфальт на вуліцах з грунтавым пакрыццём аграгарадка Раклевічы і абноўлены па вуліцы Калашнікава, пад’язныя шляхі амаль да ўсіх вёсак таксама маюць асфальтавае пакрыццё (выключэнне – Селівонкі, Тарасавічы, Пацаўшчына, Нарбутавічы).  

Згодна з Указам № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” сёлета ў сельсавеце знесены чатыры такія аб’екты нерухомасці, у бліжэйшых планах яшчэ адзін. Вынесены дзесяць судовых рашэнняў аб пустуючых дамах. За адну базавую велічыню рэалізавана тры і столькі ж плануецца прадаць. Уласнікам і спадчыннікам накіраваны 110 прадпісанняў аб неабходнасці навядзення парадку.

На тэрыторыі сельсавета ёсць чатыры помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і пяць яе ахвярам. Рэканструкцыю мемарыяла ва ўрочышчы Цагельня ажыццявіла ТАА “Ізакам”, тэрыторыю вакол пахавання ў вёсцы Курпешы добраўпарадкаваў санаторый “Радон”, уласнымі сіламі сельвыканкама ўстаноўлена агароджа каля помніка ў вёсцы Засецце.

Рахункуючы даклад, Ігар Хітро падкрэсліў, што з кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельсавета, як і з мясцовым актывам, дэпутацкім корпусам наладжаны цесны кантакт, што дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы.

Каб не быць галаслоўным, старшыня запрасіў удзельнікаў Дня Дзятлаўскага сельсавета наведаць аб’екты добраўпарадкавання. Экскурс пачаўся з могілак вёскі Пацаўшчына, дзе пабывалі ў храме, узведзеным за добраахвотнае ахвяраванне ўраджэнкі гэтых мясцін, з асаблівасцямі якога прысутных азнаёміў протаіерэй Мікалай Пінчук. На малочнатаварным комплексе “Засецце” філіяла “АграМілк” агледзелі новы каркасна-тэнтавы прафілакторый для цялят. Да абноўленага помніка ва ўрочышчы Цагельня паклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінулых землякоў. У аграгарадку Раклевічы зайшлі ў мясцовы дзіцячы сад, на фельчарска-акушэрскі пункт, у магазін “Родны Кут” і сельскую бібліятэку-клуб. Апошняй на маршруце азнаямлення была сядзіба жыхара вёскі Баравікі Міхаіла Буйко, які не толькі ўмее ствараць прыгажосць у сельскай мясцовасці, але і захапляецца пчалярствам, цэніць рускую лазню.

Падводзячы вынікі Аляксандр Бараноўскі падкрэсліў, што мерапрыемствы ў фармаце дзён сельсавета дазваляюць адсочваць пазітыўныя змяненні ў добраўпарадкаванні і павышэнні якасці жыцця насельніцтва вёсак раёна, яны дазваляюць дзяліцца станоўчым вопытам, матывуюць, таму будуць прадоўжаны і надалей.   

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации