Работы ў сельгаспрадпрыемствах, пытанні аховы працы, выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па плануемых аб’ектах будаўніцтва і рамонту, асновы бяспекі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Працаваць будзем без прастояў

Падрыхтоўку тэхнікі да вяснова-палявых работ абмеркавалі на абласной, а пасля на раённай нарадах.

Трактарны парк у сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўшчыны гатовы на 92 %. Ужо падрыхтаваны 93 % плугоў, усе сем “Росаў”, пяць з шасці зерневых сеялак і іншая тэхніка.

Як заверыў загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Мазоль, да 1 сакавіка гатоўнасць тэхнікі дзятлаўскіх прадпрыемстваў перасягне запланаваны 95-працэнтны парог.

На вяснова-палявыя работы выйдуць працаваць 211 механізатараў.

Час павышанай рызыкі

Таўшчыня лёду на многіх вадаёмах стала большая за 7 сантыметраў. Ратаўнікі і АСВОД пачасцілі маніторынгі, паколькі не толькі майстры вуды накіраваліся па здабычу, але і жадаючыя кароткім шляхам дабрацца з аднаго месца ў іншае або пакатацца на каньках.

Так, у суботу на возеры Юбілейным у Гродне мужчына пакатаўся на каньках па возеры, а на выхадзе з яго наблізіўся да зоны чароту. У выніку – праваліўся пад лёд. Пашанцавала, што глыбіня вадаёма была каля аднаго метра.

А ў Смаргоні 9-гадовы хлопчык вырашыў скараціць шлях дадому з музычнай школы і ў гарадскім парку выйшаў на заледзянелае возера. Ён праваліўся пад лёд за два метры ад берага. Яго выратавалі прахожыя.

Як адзначыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, многія ведаюць аб неабходнасці безагаворачна прытрымліваюцца правілаў бяспечнага выхаду на лёд, аднак выконваюць іх адзінкі.

Пагаварылі пра вогненныя трагедыі. На мінулым тыдні Дзятлаўшчына “абышлася” без іх, але ўсяго ў вобласці адбылося 26 пажараў, загінуў адзін чалавек, адзін траўмаваны, аднаго атрымалася выратаваць. Кіраўнік раёна паставіў задачу наглядальным камісіям не зніжаць кантроль за домаўладаннямі з пячным ацяпленнем, катэгарыраванымі грамадзянамі.

Вызначаны аб’екты, якія будуць сёлета адрамантаваны па праграме сацыяльнай абароны: у трох дамах дзятлаўчан заменяць праводку, адрамантуюць дзве печы, установяць восем аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігнала на знешнюю гукавую прыладу.

Змяненні і навіны адукацыі

У бягучым годзе будуць рэарганізаваны чатыры навучальныя ўстановы раёна. З першага верасня пачнуць працаваць у новым статусе: Вензавецкая і Круцілавіцкая школы – стануць базавымі; Раклевіцкая і Жукоўшчынская – пачатковымі. Па інфармацыі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай, пытанні кадравага забеспячэння ў сувязі з такімі пераменамі вырашаны.

Таксама Марына Яўгеньеўна паведаміла, што выпускныя вечары для выпускнікоў сярэдняй школы ў гэтым годзе пройдуць 13 чэрвеня.

Узгадалі поспехі дзятлаўскіх навучэнцаў. Андрэй Садоўскі падзякаваў педагогам за высокі ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў, таксама адзначыў добрасумленнасць і адказнасць установаў адукацыі раёна ў падрыхтоўцы разнастайных мерапрыемстваў.

У чацвер – Адзіны дзень інфармавання насельніцтва

20 лютага на Дзятлаўшчыне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйныя групы, як абласная, так і раённыя, будуць працаваць у калектывах дзятлаўскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Галоўнай тэмай для размовы стануць вынікі пяцігодкі, якая завяршаецца, як асновы стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны. Дадаткова ратаўнікі і міліцыянеры правядуць прафілактычныя гутаркі па асновах бяспекі.   

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации