Вогненны пачатак лютага, сельскагаспадарчыя клопаты, графікі капітальных рамонтаў, рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамена – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Гатоўнасць тэхнікі да выхаду ў палі

Гэта адна з галоўных сельскагаспадарчых тэм, якая гучыць літаральна на кожнай нарадзе. У бягучым годзе перад сельгаспрадпрыемствамі пастаўлена задача значна раней па тэрмінах вывесці тэхніку на лінейку гатоўнасці. 95 % яе павінна прайсці тэхагляд ужо да 1 сакавіка.

У сувязі з умовамі надвор’я прысутнічае дэфіцыт вільгаці ў глебе, неабходна аператыўнае ўнясенне адпаведных мінеральных угнаенняў.

– РОСы першымі выйдуць у палі. Ці ва ўсіх гаспадарках яны гатовы? – спытаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі свайго першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейку.

Віталій Тадэвушавіч заверыў, што ва ўсіх гаспадарках раёна гэты від тэхнікі гатовы да выканання задач па прызначэнні. Што датычыцца астатняй, якую рыхтуюць да вяснова-палявых работ, на наступным тыдні яна “паступіць” на першы этап тэхагляду.

Кіраўнік раёна паставіў задачу сельгаспрадпрыемствам навесці парадак уздоўж дарог, высечы хмызняковую расліннасць.

Заўвагу атрымала агранамічная служба раёна за нядобрасумленную работу па падрыхтоўцы насення.

Андрэй Уладзіміравіч падкрэсліў, што неабходна прытрымлівацца вызначаных графікаў, пазапланавая работа павінна быць толькі ў ратаўнікоў і міліцыі.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, тут галоўнае – захаванасць статка.

– На фермах усе адказныя службы павінны быць дзень і ноч, безгаспадарчасці не дапускаць, – катэгарычна рэзюмаваў Андрэй Садоўскі.

Здарэнні і прафілактыка

Люты на Дзятлаўшчыне пачаўся з гібелі чалавека на пажары. У аграгарадку Лявонавічы мужчына, 1972 года нараджэння, работнік сельгаспрадпрыемства, загінуў з-за непатушанай цыгарэты. Суседзі заўважылі пацямнелыя ад дыму вокны і выклікалі ратаўнікоў. На жаль, трагедыі пазбегнуць не атрымалася.

У аграгарадок Таркачы сямейна-бытавая спрэчка завяршылася ўзбуджэннем дзвюх крымінальных спраў. Як патлумачыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, мужчына нанёс жонцы цялесныя пашкоджанні і пагражаў забойствам. У адносінах да дэбашыра прыняты ўсе меры для папярэджання больш цяжкага злачынства.

З мэтай прафілактыкі пажараў і правапарушэнняў супрацоўнікамі РАНС і аддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні абследавана больш за дзве сотні домаўладанняў дзятлаўчан, восем установаў адукацыі і інтэрнат у райцэнтры, дзе неабходна, аказана дапамога, дадзены рэкамендацыі.

Андрэй Садоўскі ў час нарады ініцыяваў устаноўку відэаназірання ў інтэрнаце па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве. Прычым на ўсіх паверхах будынка з мэтай папярэджання і выяўлення кантралюючымі структурамі супрацьпраўных паводзінаў жыльцоў і іх гасцей.

Старшакласнікі рыхтуюцца да экзаменаў

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену для вучняў 11-х класаў адбудзецца 8 лютага. На Дзятлаўшчыне традыцыйна навучэнцаў прыме сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе ў адпаведнасці з інструкцыяй аб правядзенні самога ЦЭ. У рамках гэтага будзе арганізавана дастаўка навучэнцаў у пункт правядзення рэпетыцыі, дзе забяспечаць прапускны рэжым, на выпрабаваннях абмяжуюць выкарыстанне гаджэтаў і іншых забароненых на экзамене прадметаў.

– Дзеці змогуць адчуць атмасферу правядзення цэнтралізаванага экзамену ў незнаёмай установе адукацыі, а таксама адчуць складанасць тэстаў. Мэта РЦЭ – адпрацаваць увесь механізм правядзення іспыту: ад рэгістрацыі да атрымання вынікаў, – падкрэсліла Марына Яўгеньеўна.

Дарэчы, у бягучым годзе на Дзятлаўшчыне 151 выпускнік адзінаццатых класаў і 213 дзявятых.

Акрамя гэтага, начальнік аддзела расказала, што на бягучым тыдні на Дзятлаўшчыне працуе камісія па акрэдытацыі навучальных установаў раёна; у абласным конкурсе па робататэхніцы прымуць удзел вучні Дварэцкай сярэдняй школы; навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы Варвара Ламака ўключана ў зборную групу, якая рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы, цяпер дзяўчынка займае 6-е месца ў абласным рэйтынгу.   

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации