На чарговай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прагучалі тэмы, якія не губляюць сваёй актуальнасці.
Гэта навядзенне і падтрыманне парадку на зямлі, падрыхтоўка да каляндарных святаў, бяспека жыццядзейнасці, іншыя.
Увага – на прафілактыку
Мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне прайшоў без значных надзвычайных здарэнняў: пажараў зарэгістравана не было, ратаўнікі ў штатным рэжыме аказвалі дапамогу насельніцтву і медыкам. Пачатак новага тыдня адзначаны стартам у раёне пяцідзённай прафілактычнай акцыі МНС, скіраванай на папярэджанне гібелі людзей на пажарах, у час якой асаблівая ўвага будзе нададзена домаўладанням катэгарыраваных грамадзян.
Адносна спакойна было ў плане аховы правапарадку. Зарэгістраваны чарговы крадзеж грошай (больш за 300 рублёў) з банкаўскай карткі пенсіянеркі райцэнтра. Праваахоўнікі ўстанавілі месцазнаходжанне дзвюх раней аб’яўленых у вышук асобаў. У райаддзеле прайшлі ўшанаванне ветэранаў міліцыі і сустрэча кіраўніцтва з сем’ямі супрацоўнікаў. Паўдзельнічалі праваахоўнікі і ў раённым суботніку: навялі парадак каля свайго адміністрацыйнага будынка. Праз некалькі дзён іх чакае адметная святочная дата: 17 лістапада служба ўчастковых інспектараў міліцыі адзначыць свой векавы юбілей.
Зямля любіць клопат
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі падзякаваў калектывам арганізацый і ўстановаў раёна, усім, хто далучыўся да навядзення парадку на зямлі, за актыўны ўдзел у раённым суботніку. Таксама кіраўнік раёна даў устаноўку адказным службам Дзятлаўшчыны сачыць за ўключэннем у севазварот або гаспадарчае карыстанне земляў, якія вызваляюцца пасля зносу пустуючых дамоў і збудаванняў або знішчэння інвазійных раслін, бо парадак застаецца там, дзе ён падтрымліваецца. Яшчэ раз спецыялісты перагледзелі і сам графік ліквідацыі і продажу невыкарыстоўваемых будынкаў, акрэслілі задачы ў гэтым напрамку на будучы год.
Звярнуліся і да парадку на вуліцах і дарогах. Так, у райцэнтры прадаўжаецца пракладка каналізацыйнай сеткі па вуліцы Леніна, у хуткім часе на “пройдзеным” участку работнікі прыступяць яшчэ і да пракладкі сістэмы водазабеспячэння.
У Наваельні да канца гэтага года будуць зроблены ўсе запланаваныя работы па рамонце вуліцы Шашэйнай, а вось укладка на ёй асфальтавага пакрыцця запланавана на наступны год. Якраз прыродным чынам адбудзецца ўсадка грунту, што станоўча адаб’ецца на якасці асфальтавання. Укладка асфальтавага пакрыцця завершана на ўчастку дарогі ў Хадзяўлянах, ямачны рамонт гранулятам зроблены ў Малых Шастаках.
Святы не за гарамі
Да канца падышоў сельскагаспадарчы год. 19 лістапада сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі. На Дзятлаўшчыне з гэтай нагоды 15-16 лістапада пройдуць урачыстыя мерапрыемствы.
У раёне пачынаецца падрыхтоўка да рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая будзе праходзіць з 15 снежня 2023 па 15 студзеня 2024 года. Каб яна выдалася маштабнай і юныя жыхары раёна атрымалі падарункі і добры настрой, да яе далучацца грамадскія аб’яднанні, арганізацыі і ўстановы. Не застануцца па-за ўвагай у час зімовых святаў і пажылыя людзі, якія пастаянна знаходзяцца ў сацыяльных і медыцынскіх установах. Напярэдадні Новага года і Калядаў да іх завітаюць валанцёры.
Іншыя тэмы коратка
Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго расказаў, што ў пракуратуры ёсць звесткі аб тым, што ў лясным масіве каля гарпасёлка Наваельня ў напрамку аграгарадка Дварэц у гады Вялікай Айчыннай вайны мог знаходзіцца перасылачны лагер. У час выезду на пазначанае месца там былі знойдзены гільзы і патроны, якія накіраваны на балістычную экспертызу. Пракуратурай адшукваюцца сведкі, якія што-небудзь ведаюць ці чулі аб існаванні лагера. Калі інфармацыя пра яго пацвердзіцца, ваеннымі-пошукавікамі будуць праведзены раскопкі.
*****
19 лістапада спаўняецца 30 гадоў з дня прыняцця Закона аб правах дзіцяці. З гэтай нагоды ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава 14 лістапада пройдзе круглы стол “Прававы ўніверсітэт: дзецям аб правах” з удзелам кіраўніцтва раёна і актыву раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд”.
*****
17 лістапада ў гімназіі № 1 горада Дзятлава будзе ладзіцца дыялогавая пляцоўка “Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”. 30 гадоў на абароне правоў дзяцінства”.
*****
16 лістапада на Дзятлаўшчыне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
*****
Наш малады зямляк гімназіст Гардзей Самахвал рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім тэлепраекце “Я ведаю”. Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі адметны тым, што школьнікі з розных куткоў краіны сустракаюцца ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, каб прадэманстраваць свае веды, эрудыцыю, творчыя здольнасці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga