Падвоз дзяцей, назапашванне мінеральных угнаенняў, прафарыентацыйная работа з падлеткамі, прымусовае лячэнне ад алкагалізму і адпраўка ў ЛПП, дарожная карта інвестараў, капітальныя рамонты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Як спыніць агонь?

Студзень адзначыўся рэзкім ростам пажараў па краіне, у тым ліку ў нашай вобласці і ў раёне.

За першы месяц года на Гродзеншчыне адбыўся 81 пажар, у якім загінулі 14 чалавек (9 з іх – пажылыя). На Дзятлаўшчыне – 9 пажараў, загінуў адзін жыхар раёна.

– Асноўныя прычыны пажараў звязаны з паводзінамі людзей у халодную пару года. Перакал печаў, курэнне ў доме, інтэнсіўнае выкарыстанне электрапрыбораў, – патлумачыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.

На нарадзе было адзначана, што прафілактычная работа ў жылым сектары прадаўжаецца як асобна супрацоўнікамі РАНС, так і назіральнымі камісіямі актыўна распаўсюджваюцца рэкамендацыі па супрацьпажарнай бяспецы праз сродкі масавай інфармацыі. На кантролі сельскіх саветаў і сацыяльнай службы знаходзяцца адзінокія пажылыя і інваліды. Каму неабходна дапамога або размяшчэнне ў сацыяльную ўстанову на перыяд складаных умоваў – аператыўна іх атрымліваюць. Толькі за мінулы тыдзень часова “пераехалі” шэсць чалавек.

Гаварылі і пра адказнасць грамадзян. Калі ўласнік памяшкання парушыў правілы пажарнай бяспекі і гэта прывяло да пажару, то да адміністрацыйнай адказнасці яго прыцягвае РАНС. Калі пажар учыніў старонні чалавек, то яго дзеянні разглядае адміністрацыйная камісія райвыканкама і прымае рашэнне аб пакаранні. Напрыклад, у снежні 2025 года тры дзятлаўчаніны былі прыцягнуты да адказнасці і заплацілі штраф у памеры 5 базавых велічыняў кожны. У студзені бягучага года чацвярых уласнікаў аштрафавалі ратаўнікі, адну справу разгледзела адміністрацыйная камісія.

Салодкія абяцанні, пустыя кашалькі

Як гэта ні сумна, кіберзлачынцы кожны тыдзень знаходзяць ахвяраў, у тым ліку і сярод дзятлаўчан. На мінулым чарговая жыхарка раёна вырашыла набыць мэблю праз сацыяльную сетку інстаграм і перавяла ашуканцам 400 рублёў.

Яшчэ адзін мужчына, праўда, жыхар не нашага раёна, але прыехаў на Дзятлаўшчыну набываць аўто. Ён у інтэрнэце знайшоў аб’яву аб продажы аўтамабіля ў адным з населеных пунктаў Дзятлаўскага раёна. Перавёў 900 рублёў задатку ліпаваму прадаўцу, прыехаў у дамоўлены дзень за машынай, а тут і чалавека такога няма, і адраса нават не існуе. На сувязь “прадавец”, зразумела, больш не выйшаў.

Праваахоўнікі ў чарговы раз заклікаюць грамадзян быць уважлівымі ў тэлефонных размовах з незнаёмымі і не давяраць гандлёвым інтэрнэт-пляцоўкам.

Тэма алкагалізацыі насельніцтва таксама застаецца актуальнай і вострай. Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама сумесна з Дзятлаўскай ЦРБ у студзені адправілі на прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці 39 чалавек, якія стаяць на ўліку ў доктара-нарколага. Яшчэ 12 паедуць у лютым. Двое накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. На бягучым тыдні адбудзецца выязное пасяджэнне па рашэнні аб ізаляцыі ў ЛПП яшчэ траіх жыхароў раёна.

Мароз пашчыпвае

Сельская гаспадарка Дзятлаўшчыны праяўляе сабранасць і засяроджанасць на захаванасці жывёлы ў складаных умовах надвор’я.

– У такой сітуацыі асаблівай увагі патрабуюць фермы. Тэхналагічны працэс варта арганізаваць так, каб людзям працаваць было цёпла, жывёлы адчувалі сябе камфортна, а нізкія тэмпературы не адбіліся на вытворчасці прадукцыі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

За кожным жывёлагадоўчым аб’ектам замацаваны адказныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі райвыканкама.

Абмеркавалі і іншыя тэмы. Прадаўжаецца работа па назапашванні мінеральных угнаенняў. Кіраўнік раёна заўважыў, што ў нашых сельгаспрадпрыемстваў дастаткова ёмістасцяў, каб вывозіць КАС. Таксама Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачу актыўней “рухацца” па рамонце тэхнікі, неабходнай для правядзення вясновых палявых работ.

Яшчэ адна актуальная тэма – прыцягненне рабочай сілы, спецыялістаў і моладзі ў сельскую гаспадарку.

Узнялі пытанне працоўнай міграцыі. Дзятлаўскія гаспадаркі гатовыя папоўніць свае калектывы жыхарамі іншых краін, якія жадаюць працаваць добрасумленна.

Сельскую гаспадарку неабходна “падпітваць” і моладдзю – без змены кадраў у любой справе перспектывы быць не можа, таму за маладымі кадрамі кіраўнікі нашых сельгаспрадпрыемстваў накіруюцца ў аграрныя ўніверсітэты, каледжы для прыватных субяседаванняў.

Іншыя тэмы коратка

У суботу ў Дзятлаве на базе сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча прайшла рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. 27 выпускнікоў спрабавалі здаваць рускую мову, 16 – беларускую, 20 – біялогію, 19 – грамадазнаўства, 24 – матэматыку.

Дарэчы, цэнтралізаваны экзамен выпускнікі адзінаццатых класаў будуць здаваць 26 мая – прадмет па выбары, 29 мая – рускую або беларускую мовы.

****

У 2026 годзе запланаваны капітальныя рамонты шматкватэрных дамоў па вуліцах: Першамайская, 11;  Цэткін, 5; Чырвонаармейская, 6, 14 ; Навагрудская, 9 у Дзятлаве; Савецкая, 15 – у Казлоўшчыне. Па двух аб’ектах ужо ідуць падрыхтоўчыя работы.

Васьмікватэрны “настаўніцкі” дом у аграгарадку Хвінявічы сёлета будзе перададзены на абслугоўванне жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Плануецца рамонт дваровых тэрыторый у райцэнтры па вуліцы Навагрудскай, 12 і ў гарпасёлку Наваельня па вуліцы Снітко 8, 8 А, Дзятлаўскай, 7; асфальтаванне двароў па вуліцах Савецкай і Першамайскай у Дзятлаве.

****

У суботу, 7 лютага, на базе школ раёна пройдуць сустрэчы выпускнікоў. Запрашэнні да ўдзелу ў мерапрыемствах размешчаны на ўсіх сайтах навучальных установаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации