Бяспека руху і рамонт дарог, ход сельскагаспадарчых работ, падрыхтоўка аб’ектаў да ацяпляльнага сезона, рэалізацыя акцыі “Збяром дзяцей у школу” – гэтыя і іншыя пытанні былі абмеркаваны на штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна.

Тэма бяспекі не губляе актуальнасці

На мінулым тыдні ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях не паступала паведамленняў аб узгараннях, супрацоўнікі аказвалі дапамогу па адпампоўванні вады. Не спыняюць ратаўнікі рэйдавых мерапрыемстваў па аб’ектах жніва і захоўвання ўраджаю, работу ў жылым сектары. Выяўлены чатыры парушэнні, у адносінах да трох асоб прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Ажыццяўляецца маніторынг вадаёмаў, дзе купанне забаронена.

У аддзел унутраных спраў райвыканкама за мінулую сямідзёнку паступіла 58 паведамленняў, сярод якіх 20 – па адміністрацыйных здарэннях, 4 – па крымінальных, астатнія – інфармацыя ад грамадзян. Пошукі мужчыны, які знік у мікрараёне вёскі Яцукі, вынікаў не далі, у планах – узбуджэнне крымінальнай справы.

Паколькі сёлета ў вобласці і нашым раёне павялічылася колькасць дарожных аварый, Андрэй Садоўскі звярнуў увагу праваахоўнікаў на неабходнасць актывізацыі работы дзяржаўтаінспекцыі, асабліва ў плане бяспекі дарожнага руху ў райцэнтры. Найперш гэта тычыцца паркоўкі асабістага транспарту грамадзян уздоўж вуліцы Леніна і побач з гімназіяй № 1 горада Дзятлава па вуліцы Чырвонаармейскай. У гэтых лакацыях праезная частка не вельмі шырокая, таму ствараюцца нязручнасці для іншых удзельнікаў дарожнага руху, а яшчэ існуе рызыка рэзкага выхаду з-за машын пешаходаў. У пералічаных месцах, а таксама на паркоўцы каля магазіна “Санта” ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай, варта прымаць дадатковыя меры па арганізацыі бяспекі на дарозе.

Прадоўжыць жніво і пачаць сяўбу

Дзякуючы больш устойліваму надвор’ю, за мінулы тыдзень аграрыі раёна дасягнулі 27 % уборкі зерневых і зернебабовых культур, і гэта лічба з кожным днём павышаецца. Экіпажы ў палях працуюць дапазна. Ужо намалочана 20 тысяч тон зерня, радуе яго ўраджайнасць. Пагодлівыя дні знізілі вільготнасць збожжа, што адчувальна спрашчае яго дапрацоўку перад захоўваннем.

Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на неабходнасці поўнасцю ўбраць да канца гэтага тыдня гарох, пачаць уборку лёну, таксама Андрэй Садоўскі паставіў задачу сельгаспрадпрыемствам актыўна пераходзіць да азімай сяўбы, паклапаціцца аб якасці пасяўнога матэрыялу. Важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны, ад якіх напрамую залежыць будучая ўраджайнасць. Напрыклад, рапс, як агучылі абласныя спецыялісты, найлепш высяваць з 10 па 25 жніўня.

Адказнасць павінна быць двухбаковай

На мінулай нарадзе ў кіраўніка раёна падрабязна была разгледжана тэма пагашэння запазычанасці за камунальныя паслугі. Падрабязны каментарый на гэты конт у газету даў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. На жаль, не ўсе карыстальнікі выгодаў цывілізацыі нашага раёна праявілі сумленне і паспяшаліся аплаціць свае запазычанасці. Тэма застаецца адкрытай. І тут напрошваецца аб’ектыўнае пытанне: звароты дзятлаўчан нярэдка тычацца менавіта якасці прадастаўляемых камунальных паслуг. Праблемы людзей разглядаюцца, просьбы задавальняюцца, спецыялісты працуюць над удасканаленнем сваёй работы ў гэтай сферы. Чаму ж самі карыстальнікі ЖКП не заўжды спяшаюцца ўносіць аплату па квітках? Аб’ектыўна, што адказнасць вытворцаў і спажыўцоў паслуг павінна быць двухбаковай і поўнай.

У Год добраўпарадкавання работы ў райцэнтры і населеных пунктах раёна па арганізацыі камфортнага асяроддзя прадаўжаюцца. Свае карэктывы ў планы спецыялістаў уносіць надвор’е: з-за зацяжных дажджоў не толькі на больш позні тэрмін перанесены рамонты некаторых участкаў дарог, але і ў цэлым павялічыўся аб’ём спраў. “Вялікая вада” дзе-нідзе павымывала грунт, таму давядзецца правесці “рэвізію” і ўнесці дадатковыя пункты ў планаванне.     

Іншыя тэмы коратка

Аб’екты раёна рыхтуюцца да работы ў асенне-зімовы перыяд. На 1 жніўня падпісана 59,2 % пашпартоў гатоўнасці па ацяпляльным абсталяванні, 16,67 % – па гатоўнасці цеплакрыніц, агледжана каля 40 % жылфонду.

У актыўную стадыю на Дзятлаўшчыне ўваходзіць традыцыйная штогадовая акцыя “Збяром дзяцей у школу”: 1 жніўня бацькі мэтавых катэгорый пачалі атрымліваць фінансавую дапамогу, ужо ажыццявілі 30 % ад запланаваных выплат. Накіраваны лісты ў арганізацыі і на прадпрыемствы. Удзел у акцыі могуць прымаць усе жадаючыя нераўнадушныя людзі, аказваць падтрымку можна таксама канцылярскімі, іншымі школьнымі рэчамі.

 Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации