Запас угнаенняў у сельскай гаспадарцы, фізічнага патэнцыялу – у будоўлі, запас цярпення – у рабоце з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

У кожнай службы раёна свой штодзённы клопат і задачы, якія абмеркавалі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны прадаўжаюць рамонт тэхнікі да вяснова-палявых работ. Як расказаў першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, частка вузлоў і агрэгатаў ужо закуплена. Па некаторых відах запчастак праходзяць працэдуры закупкі. Што датычыцца падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі энерганасычаных трактароў, яшчэ неабходна пару тыдняў, каб завяршыць рамонт двух у ААТ “Граніт-Агра”, па адным – у КСУП “Жукоўшчына”, КСУП “Войневічы”, ААТ “Дварэц-Агра”. Карыстаюцца нашы гаспадаркі і даступнымі эканамічнымі інструментамі, каб павысіць сваю механаўзброенасць – ужо падрыхтаваны пералік тэхнікі, якую прадпрыемствы плануюць набыць сёлета ў лізінг. Увогуле па раёне адбыўся першы этап праходжання тэхагляду.

Шчыльна працуюць прадпрыемствы па назапашванні мінеральных угнаенняў.

На бягучым тыдні сельскагаспадарчыя, некаторыя прамысловыя прадпрыемствы, жыллёва-камунальная гаспадарка будуць абараняць свае бізнес-планы. Кіраўнік раёна трымае гэта пытанне на асабістым кантролі.

У сувязі з паніжэннем тэмпературы паветра наглядальныя камісіі больш актыўна праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам, наведваюць домаўладанні з пячным ацяпленнем, адзінокіх пажылых грамадзян. Узмоцнены кантроль за вадаёмамі – аматарам зімовай рыбалкі нагадваюць правілы паводзінаў на лёдзе.

Камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва і наглядальная камісія сумесна з працадаўцамі, супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прадаўжаюць работу ў сельскіх саветах з незанятымі ў эканоміцы. На жаль, не ўсе дзятлаўчане, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, маюць намер і жаданне яго мяняць. Такія атрымліваюць накіраванне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. На бягучым тыдні туды паедуць чарговыя тры грамадзяніны. З пачатку года ўжо ізаляваны ў ЛПП дзевяць чалавек.

Калектыў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама папоўніцца трыма новымі спецыялістамі. На гэтым тыдні моладзь прыйдзе на трохмесячную вытворчую практыку, пасля чаго абароніць дыпломы і пачне ў Дзятлаве сваю прафесійную дзейнасць. Дарэчы, усе тры курсанты ўраджэнцы нашага раёна.

14 лютага на Дзятлаўшчыне адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У райцэнтры пройдзе традыцыйны мітынг-рэквіем, які збярэ ветэранаў вайны ў Афганістане, прадстаўнікоў раённай улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, школьнікаў горада Дзятлава. Прадоўжыцца памятны дзень у Дварэцкай сярэдняй школе нефармальнай сустрэчай кіраўніцтва раёна з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Месца сустрэчы вызначана невыпадкова. У 2004 годзе дварэцкай школьнай піянерскай дружыне было прысвоена імя Дзмітрыя Лазовіка, выпускніка гэтай навучальнай установы, ураджэнца вёскі Малая Палонка, які загінуў пры выкананні службовага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. У піянерскім пакоі ёсць куток памяці земляку-афганцу, у школьным музеі адкрыта экспазіцыя воінам-інтэрнацыяналістам. Навучэнцы даглядаюць месцы пахавання воінаў-афганцаў. Штогод у Дварэцкай сярэдняй школе праходзіць валейбольны турнір памяці Дзмітрыя Лазовіка, у якім абавязкова прымае ўдзел каманда выпускнікоў. У 2021 годзе на будынку школы ўстаноўлена памятная мемарыяльная дошка.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации