Адной з тэм абласной, а пасля і раённай нарады, якая прайшла ў панядзелак, стала ўвядзенне ў гаспадарчы абарот земляў, занятых драўняна-хмызняковай расліннасцю.

Агульная плошча такіх земляў на Дзятлаўшчыне складае 2760 гектараў, з іх 1573 гектары немагчыма выкарыстоўваць у сельскай або лясной гаспадарцы. Па розных прычынах – гэта могуць быць рэкрэацыйныя зоны, прыбярэжныя палосы і іншае. Астатнія ж участкі згодна з планам уводзяцца ў гаспадарчы абарот.

– Кіраўнік дзяржавы заўсёды ўдзяляў пільную ўвагу навядзенню парадку на зямлі. Вось і на “Дажынках-2024” у Клімавічах падкрэсліў, што “ўзровень і якасць жыцця на вёсцы растуць, таму людзям ужо не патрэбныя вялікія ўчасткі каля дома. Зямля вызваляецца, яе, як і на месцах старых ферм, трэба ўводзіць у абарот”. Гэта работа на Дзятлаўшчыне вядзецца комплексна і на пастаяннай аснове, ужо сфарміраваны планы і на наступны год. Лічу, што недагледжанай зямлі не павінна быць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Разгледзелі ў час нарады асобныя пытанні сельскагаспадарчага кірунку. У прыватнасці, ачысткі насення ў гаспадарках раёна і перадачы яго на праверку. Таксама – пастаноўкі на зімовае захоўванне зернесушыльных комплексаў.

Напярэдадні навагодніх святаў прадаўжаюцца маніторынгі гандлёвых аб’ектаў Дзятлаўшчыны па вызначэнні цэнавых парогаў і насычэнні асартыментам тавараў. Тым часам праваахоўнікі і ратаўнікі праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы па арганізацыі бяспечнага правядзення масавых мерапрыемстваў. У чарговы раз нагадваюць зацікаўленым арганізацыям і жыхарам раёна аб правілах выкарыстання піратэхнічных вырабаў, светлавых аб’ектаў і гірляндаў, адказнасці за знаходжанне ў нецвярозым стане і распіцце алкагольных напояў у грамадскіх месцах.

Завяршаюцца работы на будаўнічых аб’ектах Дзятлаўшчыны, запланаваныя на 2024 год. Актыўна працуюць спецыялісты розных службаў на капітальных рамонтах шматпавярховых дамоў па вуліцах Першамайскай і Чапаева ў райцэнтры. У наступны панядзелак РУП ЖКГ плануе правесці пуска-наладачныя работы на станцыі абезжалезвання ў вёсцы Сачыўляны. Супрацоўнікі аддзела ЗАГС райвыканкама рыхтуюцца да першага ўрачыстага роспісу пасля рамонту будынка аддзела.

Жалобны мітынг-рэквіем прайшоў сёння, у  Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду, у гарпасёлку Наваельня каля помніка на месцы масавага расстрэлу мірных людзей у гады ваеннага ліхалецця. 11 снежня ў Дзятлаве адбудзецца таксама патрыятычнае мерапрыемства “Абеліскі вялікага подзвігу”, прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі і 80-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А 13 снежня дзеці і дарослыя запрашаюцца на цырымонію запальвання агнёў на галоўнай ёлцы на плошчы 17 Верасня райцэнтра, якая адкрые праграму навагодніх мерапрыемстваў на Дзятлаўшчыне.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации