Помніць трагічнае мінулае, схіляючы галовы і аплакваючы загінулых, дзякаваць нашаму народу-пераможцу за мірнае неба і шанц на светлую будучыню – важна ўсім нам.
У Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла тэматычная дыялогавая пляцоўка, закліканая ўзгадаць самыя складаныя і трагічныя старонкі гісторыі Дзятлаўшчыны.
Яе ўдзельнікамі сталі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, гісторык, краязнаўца Валянцін Абухаў, работнікі працоўных калектываў і вучнёўская моладзь горада Дзятлава.
Дырэктар музея Сяргей Каско зрабіў экскурс у наша ваеннае мінулае, узгадаў, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх аддзяленняў і філіялаў. Фашыстамі ствараліся спецыяльныя групы, якія спецыялізаваліся на масавым знішчэнні людзей.
– Самае страшнае, што еўрапейскія дзяржавы, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны публічна прасілі прабачэння і выплачвалі вялікія сумы кампенсацыі пацярпелым ад фашысцкага рэжыму, сёння зноў шукаюць яму апраўданне і падтрымліваюць рух неафашыстаў, – заўважыў Сяргей Віктаравіч. – Таму нам, беларусам, асабліва важна не дапусціць перапісвання гісторыі.
Віталій Юрго расказаў пра ход расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа на Дзятлаўшчыне.
– Са зняццем грыфа “сакрэтна” са справаў ваеннага часу ў нас з’яўляюцца ўсё новыя і новыя факты фашысцкіх злачынстваў, у гісторыю ўпісваюцца новыя імёны ахвяраў генацыду. На жаль, практычна не засталося сведкаў тых страшных часоў, што істотна ўскладняе пошукавую работу, аднак мы прадаўжаем працаваць, каб ніхто не быў забыты, – адзначыў Віталій Станіслававіч.
Валянцін Абухаў заклікаў моладзь да размовы, задаўшы некалькі простых пытанняў.
– Як выдумаеце, калі на Дзятлаўшчыне пачаўся генацыд мірнага насельніцтва? – спытаў ён, а выслухаўшы версіі аўдыторыі, сам падказаў: – Не з аперацый супраць яўрэяў, а нашмат раней. З першага дня ўступлення нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыю раёна 28 чэрвеня 1941 года, калі карнікі спалілі вёску Капці разам з яе жыхарамі. Усе гады вайны, пакуль Дзятлаўскі раён быў акупіраваны фашыстамі, аж да вызвалення ў 1944 годзе, карнікі і іх падручныя здзяйснялі генацыд.
Ён адкрыў аўдыторыі новыя факты, якія ўдалося ўстанавіць у ходзе архіўнай работы, многія з іх – шакіруючыя.
Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з кінастужкай “Дзеці Вялікай Айчыннай вайны”, якая ўваходзіць у мастацка-публіцыстычны цыкл “Генацыд. Без права на жыццё” Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Белтэлерадыёкампаніі. Яны ўшанавалі памяць непаўналетніх ахвяраў вайны, усклаўшы кветкі да памятнага знака “Дзеці ліхалецця”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga