Выпускны баль, прафілактычныя мерапрыемствы, падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, пустуючыя дамы і непрыдатныя для эксплуатацыі будынкі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Настрой – на ўборку зерневых
Сельскагаспадарчыя клопаты звязаны сёння не толькі з касьбой і жывёлагадоўляй, але і падрыхтоўкай тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі да ўборачнай кампаніі.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка далажыў, што ў раёне цяпер вядзецца нарыхтоўка кармоў. На жаль, не ўсе сельгаспрадпрыемствы аднолькава актыўна ўключыліся ў гэту работу, таму ёсць адставанне ад графіка. На бягучым тыдні тэмп будзе нарошчаны. Таксама арганізавана падкормка траў і падсеў проса. Гаспадаркі рыхтуюць камбайны да выхаду ў палі, пры гэтым стаіць задача прадугледзець загадзя дадатковыя рамкамплекты, каб у самую гарачую пару жніва “не выпасці з абоймы”.
Ёсць праблемныя моманты ў жывёлагадоўлі, у прыватнасці, у галіне свінаводства. Заўвагі на гэты конт прагучалі ад старшыні райвыканкама. Андрэй Садоўскі паставіў задачу ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання выпрацаваць эфектыўную стратэгію развіцця свінаводства ў ААТ “Граніт-Агра”, пры неабходнасці скарыстацца дапамогай абласных спецыялістаў, на кантролі трымаць рэалізацыю свіней.
– У сельскай гаспадарцы заўсёды дастаткова пытанняў, аднак іх можна вырашаць у спакойным рэжыме. Сітуацыя ў нашым раёне не горшая, чым у іншых, ёсць вопытныя кіраўнікі, спецыялісты, трэба граматна працаваць. Усе магчымасці дасягнуць устойлівага развіцця ў нас ёсць, – пакрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.
Продаж або знос?
Разгледзелі на нарадзе тэму зносу непрыдатных аб’ектаў, уводу земляў у сельгасабарот, продаж “моцных” будынкаў.
Згодна з планам, у бягучым годзе на рэалізацыю рыхтуюцца восем аб’ектаў. Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай, адзін з іх прададзены на мінулым тыдні, яшчэ на адзін маецца патэнцыйны пакупнік.
Урбанізацыя стала адной з прычын з’яўлення ў сельскіх населеных пунктах пустуючых дамоў. Новы імпульс гэтай тэме надаў Указ Прэзідэнта ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, накіраваны на ўдасканаленне ўключэння ў абарот невыкарыстоўваемых жылых дамоў і зямельных участкаў, а таксама на спрашчэнне парадку набыцця грамадзянамі дамоў у сельскай мясцовасці.
На нарадзе станоўча адзначана работа па Указе № 116 Дварэцкага, Казлоўшчынскага і Новаяльнянскага сельвыканкамаў.
Як не раз адзначалі кіраўнікі сельвыканкамаў, самае складанае ў гэтай рабоце – пошук праваўладальнікаў, асабліва тых, хто выехаў за межы Беларусі. На пошукі, перапіску, складанне актаў і іншыя працэдуры можна выдаткаваць месяцы. На жаль, бываюць выпадкі, калі пасля заявы грамадзянамі аб намеры выкарыстоўваць дом затым даводзіцца весці з імі доўгія перапіскі аб неабходнасці ўтрымліваць тэрыторыі ў парадку, не заўсёды яны аказваюцца выніковымі. Аднак не могуць не радаваць і станоўчыя прыклады – яны ў раёне ёсць (чытайце падрабязней у наступных нумарах раённай газеты).
Выпускнікі рыхтуюць развітальны баль
Амаль штодня на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве праходзяць рэпетыцыі раённага выпускнога вечара.
Як нагадала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць у гэтым годзе ў пятніцу 13 чэрвеня. Традыцыйна на Дзятлаўшчыне раённы выпускны з уручэннем атэстатаў асаблівага ўзору і ўзнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём распачне святочны вечар на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры. Тут выпускнікі закружацца ў развітальным вальсе. Працягнецца свята на базе школ.
Што датычыцца дзевяцікласнікаў, для іх бягучы тыдзень – самая гарачая пара – экзаменацыйная кампанія. Усяго ў раёне 213 выпускнікоў базавай школы.
“МАК – 2025”
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі праінфармаваў аб тым, што з 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца спецыяльная праграма “МАК”, якая накіравана на недапушчэнне пасеву, вырошчвання, збору і распаўсюджвання нарказмяшчальных культур, бо асноўнай крыніцай атрымання наркотыкаў у летні час з’яўляецца наркасыравіна мясцовага паходжання – расліны маку і канопляў.
Калі мак або каноплі выраслі на прысядзібным участку або агародзе, то грамадзянін абавязан іх знішчыць. Ні ў якім разе нельга прадаваць, перадаваць, дарыць гэтыя расліны. Дадзенае дзеянне ўжо кваліфікуецца як крымінальнае, па якім прадугледжана пакаранне – пазбаўленне волі да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. За пасеў або вырошчванне забароненых да вырошчвання раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы, прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічыняў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga