Як прайшоў “Зецельскі фэст”, пра нарыхтоўку кармоў і пачатак падрыхтоўкі да жніва, прафілактыку пажараў і кіберзлачынстваў, ход экзаменацыйнай кампаніі, а таксама на іншыя тэмы ішла размова і ставіліся задачы на штотыднёвай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі службаў раёна.

Паміж святамі і паўсядзённасцю

Станоўча Андрэй Садоўскі ацаніў арганізацыю фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які 30 мая сабраў у Дзятлаве лепшыя мясцовыя сем’і і гасцей з іншых раёнаў.

Ён падзякаваў службам Дзятлаўшчыны, якія былі задзейнічаны ў навядзенні чысціні і на абкошванні ў райцэнтры (у гэтым камунальнікаў падтрымалі нават сельвыканкамы). Дзякуючы агульным намаганням, горад сустрэў фестываль прыгожымі ўтульнымі вуліцамі, камфортнымі зонамі адпачынку, цікавай і багатай на сюрпрызы праграмай.

– Свята атрымалася ад душы, – зазначыў Андрэй Уладзіміравіч. – На шчасце, не падвяло надвор’е, было дастаткова гандлёвых кропак. Калі службы працуюць як адзіны механізм, то ёсць пазітыўны вынік.

Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу на тым, што работы па навядзенні парадку ў райцэнтры прадоўжацца, асабліва гэта тычыцца пакосу травы, якая расце хутка. На чарзе – парк па вуліцы Слонімскай, узбочыны ўязных дарог, іншыя лакацыі, дзе ўжо неабходна прывесці ў парадак газон.

Нядоўга засталося да раённага выпускнога балю для адзінаццацікласнікаў, які пройдзе 12 чэрвеня. Андрэй Уладзіміравіч пацікавіўся, як ажыццяўляецца яго падрыхтоўка, заклікаў арганізаваць прыгожыя фотазоны, па магчымасці, прапанаваць іншыя цікавінкі да ўрачыстай праграмы.

Бяспека – справа агульная

Мінулыя сем дзён прайшлі на Дзятлаўшчыне без вогненных здарэнняў, ратаўнікі аказвалі дапамогу насельніцтву і арганізацыям, прадаўжалі прафілактычную работу ў жылым сектары. З пачатку года абследавана больш за дзве тысячы домаўладанняў, складзены дадатковыя спісы хатніх гаспадарак, дзе неабходна ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў за сродкі бюджэту. 5 чэрвеня паступяць 112 такіх апавяшчальнікаў, якія ў хуткім часе будуць устаноўлены.

– Работа ў галіне прафілактыкі павінна быць эфектыўнай, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Магчыма, ісці неабходна да аўталавак, ведаць, хто жыве ў вёсках, што гэта за людзі, якія рызыкі. У раёне назіраецца рост пажараў і загінулых на іх у параўнанні з папярэднімі гадамі.

Закранаючы тэму супрацьпажарнай бяспекі, старшыня райвыканкама не абмежаваўся прафілактыкай пажараў у побыце, яшчэ звярнуў увагу спецыялістаў на падрыхтоўку да жніва:

– Як і ў мінулым годзе, неабходна загадзя прасачыць за наяўнасцю і спраўнасцю вогнетушыцеляў, забяспечанасцю збожжасушыльных комплексаў помпамі для падачы вады на вышыню: першым будзем дапрацоўваць складаны ў сушцы азімы ячмень, усё павінна працаваць, як гадзіннік.

За мінулы тыдзень у аператыўна-дзяжурную службу АУС райвыканкама паступіла 63 паведамленні, узбуджана тры крымінальныя справы, якія звязаны з супрацьдзеяннем кіберзлачынствам. Ахвярай адной з іх стаў наш зямляк, які пад уздзеяннем зламыснікаў адкрыў два дагаворы лізінгу на суму амаль у восем тысяч рублёў. Злодзеі завалодалі набытай мужчынам маёмасцю (двума электраскутарамі, купленымі ў Мінску). У другім выпадку адбылося рэдкае злачынства (такіх зарэгістравана ўсяго пяць у вобласці): трынаццацігадовы навучэнец, які гуляў у анлайн-гульні, убачыў звесткі аб акаўнце іншага гульца. Жадаючы аказацца на больш высокім узроўні гульні, ён выйшаў са свайго акаўнта і ўвёў асабістыя звесткі, у выніку зламыснікі завалодалі інфармацыяй яго прыстасавання. У трэцім выпадку ахвярамі падману сталі два пенсіянеры, якія не пацярпелі матэрыяльна, аднак цэлы дзень па камандзе злачынцаў ажыццяўлялі аперацыі са сваімі грашыма. Жанчына пачала падазраваць падман і звярнулася ў міліцыю, калі зламыснікі прапанавалі для “захавання грошай” пераводзіць іх сумамі па дзве тысячы на “бяспечны рахунак” за некалькі банкаўскіх аперацый. Крымінальная справа ўзбуджана за замах на махлярства.

Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі на тэрыторыі раёна выяўлены крадзеж 150 літраў дызпаліва, якое належала прыватнаму транспартнаму ўнітарнаму прадпрыемству, зарэгістраванаму на Брэстчыне. Вадзіцель кампаніі – жыхар нашага раёна. У якасці памочніка ён уцягнуў яшчэ і свайго знаёмага, таксама мясцовага жыхара. Па факце праводзіцца праверка ў рамках справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.  

Лета пралятае хутка

У сельгасарганізацыях Дзятлаўшчыны прадаўжаецца першы ўкос і закладка кармоў, актывізуецца хімпраполка і падкормка кукурузы. Летнія дні ляцяць хутка, таму аграрыі ўжо пачалі падрыхтоўчыя работы напярэдадні жніва: камплектуюцца экіпажы, на рамонт ставіцца тэхніка. У раёне 59 камбайнаў, з якіх 19 (32 %) – спраўныя, на рамонт астатніх выдзелены грошы. Падрыхтоўчыя работы ажыццяўляюцца і на збожжасушыльных комплексах. Увага кіраўнікоў гаспадарак звернута таксама на своечасовую праверку вагавога абсталявання.

У КСУП “Хвінявічы” чакаюцца змяненні ў будаўніцтве прафілакторыя для цялят, які мяркуецца зрабіць з тэнтавым дахам. На жаль, гэта не адзінае пытанне, на якое звярнулі ўвагу: гаспадарка ўжо не першы тыдзень мінусуе па надоях малака, і КСУП “Хвінявічы” не адно такое ў раёне, бо мінусы адзначаюцца ў КСУПах “Жукоўшчына”, “Войневічы”, філіяле “АграМілк”. Як звярнуў увагу адказных спецыялістаў Андрэй Садоўскі, падзенне надояў у маі, калі зялёных кармоў дастаткова, сітуацыя неардынарная, яна сведчыць пра безгаспадарлівасць, калі жывёлаводы якасна не накармілі кароў. Кіраўнік раёна даў даручэнне ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама дэталёва разабрацца не толькі па малаку, але і фунгіцыдных апрацоўках раслін, тэмпах касьбы, будаўніцтве прафілакторыя, іншых работах, дзе ёсць адставанне ці недахопы. Лета пралятае хутка, а менавіта на працягу яго ў сельскай сферы закладваецца вынік на будучы перыяд.

Рознае

На Дзятлаўшчыне пачынаюць работу летнікі для школьнікаў на базе ўстановаў адукацыі раёна. Усяго за час самых вялікіх канікулаў аздараўленне пройдуць 1167 дзяцей у 33 летніках, сярод якіх ёсць дзённыя і з кругласутачным знаходжаннем.

Па вуліцы Я. Купалы ў Дзятлаве, дзе няма тратуараў, будзе арганізавана велапешаходная дарожка. Дарожныя работы на стадыі ўзгаднення.

Насупраць сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы плануецца ўстанавіць дарожны знак “стаянка забаронена”.

Адзінаццацікласнікі на мінулым тыдні здалі два цэнтралізаваныя экзамены, іх вынікі будуць вядомыя 8 і 10 чэрвеня, а 2 і 5 чэрвеня ў Беларусі пройдуць цэнтралізаваныя тэсціраванні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
В Беларуси повышаются тарифы на ЖКУ
Лета будзе яркім!
Ход проведения СКМ «Внимание – дети!»
Предыдущая новость

Похожие публикации