Падкормка кукурузы, вытворчасць малака, маладыя спецыялісты, працоўнае навучанне, кіберзлачынствы, капрамонты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Дзякуй за ініцыятыўнасць і адказны падыход
Пачалі нараду з уражанняў ад свята Дня Незалежнасці. Андрэй Садоўскі шчыра падзякаваў усім працоўным калектывам за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў. Як падкрэсліў кіраўнік раёна, на Дзятлаўшчыне Дзень Незалежнасці прайшоў на вельмі годным узроўні, усе службы раёна, у тым ліку сфера культуры, РУП ЖКГ, адпрацавалі дакладна і зладжана. Чысціня ў горадзе, урачыстая абстаноўка, упрыгажэнні, выставы, творчыя нумары, цёплая душэўная атмасфера – гэта радавала дзятлаўчан і гасцей горада на працягу ўсяго дня.
Калі работа праводзіцца сістэмна, ёсць вынік
Для сельскай гаспадаркі няма дрэннага надвор’я – і ў сонца, і ў дождж ёсць свой від тэхналагічных аперацый.
– Уборачная на бягучым тыдні збавіць тэмп, бо прагназуюцца ападкі, але гэта добры перыяд для падкормкі кукурузы. Тым больш што на некаторых палях яна мае даволі кволы выгляд, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Андрэй Садоўскі паставіў задачу аграрыям не зніжаць тэмп па касьбе траў, звозцы сена, праводзіць закладку насеннікаў; упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання – трымаць на кантролі падрыхтоўку да сяўбы люцэрны. Гаспадаркі павінны быць забяспечаны яе насеннем, падрыхтаваць глебу і ў аптымальны тэрмін – да 15 жніўня – пасеяць.
Акцэнтавалі ўвагу на нарыхтоўцы кармоў. Асабліва выдзелілі КСУП “Жукоўшчына”.
– Гэта сельгаспрадпрыемства павінна на бягучым тыдні добра спрацаваць. Тут няма пытанняў з кадрамі, тэхнічныя пытанні ўсе вырашаны. Усё залежыць толькі ад арганізацыі работ, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч дададаў, што патрабаванні за надоі малака – штодзённыя і самыя жорсткія з усіх вытворцаў раёна.
Выплаты да школы
У Беларусі пачалася акцыя “Збяром дзяцей у школу”. Яе мэта – аказанне дапамогі на набыццё школьнага адзення і канцылярскіх прыладаў сем’ям, якія маюць патрэбу.
Як патлумачыла ў час нарады начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, у першую чаргу, гэта шматдзетныя, малазабяспечаныя, няпоўныя сем’і і тыя, дзе бацькі з’яўляюцца інвалідамі і пенсіянерамі, а таксама сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Пры гэтым для атрымання выплаты даход бацькоў значэння не мае. Яна аказваецца сем’ям з трыма і больш дзецьмі да 18 гадоў. Яе памер складае 30 % ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Выплаты будуць ажыццяўляцца з 1 жніўня.
Да ўдзелу ў акцыі запрашаюцца арганізацыі, прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі і жыхары раёна. Андрэй Садоўскі рэкамендаваў падключыцца да важнага мерапрыемства і грамадскім аб’яднанням.
Работа з пустуючымі аб’ектамі і дарогі
Да 1 жніўня раённая камісія правядзе абследаванне пустуючых аб’ектаў з мэтай рашэння іх лёсу. Дарэчы, па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай, у бягучым годзе тры аб’екты ўжо прададзены. Ажыццяўляецца кантроль за дзейнасцю новых гаспадароў. Сельвыканкамы займаюцца пустуючымі дамамі ў сельскіх населеных пунктах.
Працягваюцца работы ў раёне па капітальным рамонце сацыяльных аб’ектаў. Як далажыў у час нарады дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, заданне па капрамонце на першае паўгоддзе выканана.
На бягучым тыдні будзе весціся грэйдзіраванне дарог, пачнецца асфальтаванне планавых аб’ектаў.
Старшыня райвыканкама даручыў адказным службам правесці аб’езд могілкаў на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, вызначыць, дзе сёлета неабходна замяніць кантэйнеры для смецця. Таксама РУП ЖКГ ужо закуплены за кошт бюджэтных сродкаў 2560 (па 1280 чырвоных і шэрых) кантэйнераў для раздзельнага збору смецця ў прыватным сектары.
Прадаўжаецца падрыхтоўка арганізацый і прадпрыемстваў раёна да ацяпляльнага перыяду. Пашпарты гатоўнасці спажыўцы пакуль атрымліваюць своечасова, згодна з планам.
Іншыя тэмы коратка
За першае паўгоддзе на Дзятлаўшчыне адбыліся 23 пажары, у якіх загінулі два чалавекі (абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення). Увогуле па Гродзенскай вобласці партрэт патэнцыйнай ахвяры вогненнай трагедыі ў 70 працэнтах выпадкаў – гэта мужчына ва ўзросце ад 51 да 70 гадоў у стане алкагольнага ап’янення, які стаў ахвярай агню з-за непатушанай цыгарэты.
****
Дзятлаўскія ўстановы адукацыі сёлета папоўняць 23 маладыя спецыялісты. Да працы яны прыступяць з 15 жніўня.
Прыемна адзначыць, што тры гады таму ў наш раён прыехалі шэсць маладых спецыялістаў – выхавальнікаў дзіцячага сада. Усе яны замацаваліся тут і засталіся пасля завяршэння адпрацоўкі.
****
Хоць мы прывыклі, што звычайна менавіта ў банку спецыялісты спыняюць многія махлярскія аперацыі і ратуюць даверлівых грамадзян, на мінулым тыдні ахвярай кіберзлачынцаў стала работніца аднаго з дзятлаўскіх банкаў. Жанчына праз Тэлеграм планавала набыць пыласос. Пералічыла на банкаўскі рахунак зламыснікаў 900 рублёў. Грошы “адправіліся” дзесьці ў Расійскую Федэрацыю.
****
Тры эпізоды вырошчвання алейнага маку выявілі праваахоўнікі ў раёне. Усе – на прысядзібных участках пенсіянераў. Паколькі гэта было ўпершыню зафіксавана, дзятлаўчан вызвалілі ад адказнасці, аднак папярэдзілі, што алейны мак утрымлівае наркотык, таму ў іншы раз адказнасці не мінаваць.
****
Крытыка прагучала ў час нарады ў адрас Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Андрэй Садоўскі паставіў задачу прадугледзець у летні перыяд больш позні графік работы магазінаў і аб’ектаў харчавання, вынасны гандаль і іншае, арганізаваць наглядную рэкламу прадукцыі. Пытанне на кантролі намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga