Пра вясновыя задачы аграрыяў, дарожную бяспеку і якасць рамонту дарог, парадак на зямлі, плануемыя культурна-масавыя мерапрыемствы, аб’екты будаўніцтва і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Навесці парадак
Месячнік па навядзенні парадку стартаваў на Дзятлаўшчыне з 27 сакавіка. Старшыня райвыканкама ў час нарады даручыў адказным службам вызначыцца з днём правядзення раённага суботніка, аб’ектамі, на якіх трэба будзе папрацаваць прадпрыемствам і арганізацыям; сельвыканкамам – актывізаваць уборку ў населеных пунктах раёна, правесці добраўпарадкаванне і азеляненне, дзе неабходна, пачаць рамонт помнікаў ахвярам і воінам Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачу вызначыцца з пустуючымі дамамі: якія выставіць на продаж, якія, калі прыйшоў час, разабраць.
Дарэчы, у рамках Года міру і стварэння Міністэрства прыроды аб’явіла аб пачатку экалагічнай кампаніі “Мірная стваральная праца на карысць чыстай і зялёнай краіны”, у рамках якой з заклікам да ўдзелу кожнага беларуса пройдуць не толькі акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторый, але і будуць закладзены па ўсёй Беларусі сотні Алей міру і стварэння.
Латкі без халтуры
Дарожныя і камунальныя службы прыступілі да ліквідацыі галоўнай сезоннай праблемы – крытычнай ямачнасці. Як было адзначана на нарадзе, камунальная служба штодзённа, сістэматычна “аднаўляе” горад і пасёлкі. ДРБУ-119 зараз вядзе асфальта-бетоннае пакрыццё па дарозе ў кірунку Навагрудка (у раёне аграгарадка Круцілавічы), праводзіць падсыпку і грэйдзіраванне гравійных дарог, ямачныя рамонты, убірае смецце.
У Дзятлаве, згодна з графікам, асфальтаванне ў гэтым годзе пачнецца з вуліцы Гагарына.
І не толькі пасяўная
На Дзятлаўшчыне ўсе гаспадаркі прыступілі да сяўбы. Пры гэтым, як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка,
працягваюцца работы і па ўнясенні арганікі, рамонце кормаўборачнай тэхнікі.
– Нарошчвайце тэмпы палявых работ, спосабаў павелічэння або захавання ўраджайнасці, акрамя паўнавартаснай “запраўкі” глебы няма, не ўпускайце час і надвор’е, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Што датычыцца тэхнікі, агульная гатоўнасць да вясновых палявых работ па раёне складае 97 %, заўвагі засталіся па падрыхтоўцы энерганасычаных трактароў, але гэта вузкая прэтэнзія да канкрэтных сельгаспрадпрыемстваў.
Кіраўнік раёна даручыў аграрыям надаваць ужо больш увагі рамонту кормаўборачнай тэхнікі, зараз адрамантавана 63 %. Таксама рыхтаваць пашы пад выпас жывёлы.
– Чым раней статак выйдзе на зялёнае кармленне на пашу, тым большай будзе і вытворчасць малака, – падрахункаваў Андрэй Уладзіміравіч.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga