Надыходзіць адно з самых вялікіх святаў – Нараджэнне Хрыстова, да якога вернікі каталіцкай канфесіі рыхтаваліся духоўна, а таксама ўпрыгожвалі свае храмы.

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Дзятлава стараннямі парафіян былі ўсталяваны прыбраныя ёлкі і навагоднія элементы дэкору, а перад уваходам у храм з’явілася батлейка, якая сёлета мае свой сакрэт. Раскрыў яго падрабязнасці і расказаў пра сэнс свята ксёндз-пробашч касцёла Андрэй Лішко:

– Галоўным святам у каталіцкім календары, безумоўна, з’яўляецца свята Вялікадня. Але не было б Уваскрасення Хрыста, каб не было яго нараджэння. Абодва гэтыя святы – вельмі радасныя: мы ўпрыгожваем нашы дамы, касцёлы і абавязкова ставім батлейкі, якія сваім зместам перадаюць таямніцу Божага нараджэння. Сёння ёсць розныя батлейкі – механічныя, тэатралізаваныя, у якіх персанажы – вядомыя артысты, аднак галоўны сэнс у тым, што ўсе мы прыходзім пакланіцца Богу, нованароджанаму дзіцятку. Акрамя батлейкі ўнутры касцёла, штогод мы будуем яшчэ адну на вуліцы, каб усе людзі маглі падысці і пацікавіцца ёю. Мы ведаем, што Збаўца нарадзіўся ў стайні, дзе побач з ім былі хатнія жывёлы, і сёлета нарадзілася агульная ідэя зрабіць батлейку з удзелам жывых жывёл – тут ёсць бараны, авечкі, трусяняты, што здзіўляе і радуе прыхаджан, асабліва дзяцей. Усе падыходзяць, глядзяць, маё сэрца таксама вельмі радуецца ад гэтага. Хачу падзякаваць усім людзям, якія дапамагалі ў рэалізацыі задумкі. Асаблівым чынам нам дапамог калектыў КСУП “Хвінявічы” пад кіраўніцтвам Мікалая Бубноўскага, які гадуе гэтых жывёл, прыхаджане, якія прымалі ўдзел у мантажы батлейкі. Шчыра віншую ўсіх з надыходзячым вялікім святам Нараджэння Хрыста. Няхай Бог народзіцца ў сэрцы кожнага з нас, прыносячы ў гэты свет радасць, супакой.












– Гэты год вызначыўся не толькі асаблівай батлейкай, але і конкурсамі для дзяцей і моладзі. Раскажыце пра іх падрабязней.

– Сёлета дзеці пры падтрымцы сваіх бацькоў і блізкіх рыхтавалі да свята Нараджэння Хрыстовага батлейкі, зробленыя сваімі рукамі, малюнкі на тэму свята, рабілі навагоднія цацкі на нашы ёлкі. У касцёле адна з ёлак упрыгожана лялькамі, якія рабілі самі нашы дзеці. Гэта яскрава, кранальна, гэта работа аб’ядноўвае ўсю сям’ю. Вядома, у такім конкурсе ўсіх можна лічыць пераможцамі. Хацелася б, каб падобныя заняткі сталі яшчэ адной добрай каляднай традыцыяй.






Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски