Святлана Крэйдзіч, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”:

— У Пасланні Прэзідэнта прагучалі словы: “Мы павінны стварыць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі такія ўмовы, каб яны ў далейшым маглі атрымаць добрую адукацыю, прафесійныя навыкі і быць запатрабаванымі на рынку працы. Свет вакол гэтых людзей павінен стаць іншым”.

Радуе, што кіраўнік дзяржавы не абыякавы да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак, напрыклад, для навучання дзяцей-інвалідаў па зроку неабходна ствараць спецыяльныя ўмовы, калі яны вучацца па месцы жыхарства. У нашай рэспубліцы ёсць і спецыялізаваныя школы для дзяцей з парушэннямі зроку, адна з іх — гродзенская, якая ў свой час лічылася лепшай у Савецкім Саюзе. Важна, каб працоўнае месца такога дзіцяці было абсталявана камп’ютарам з сінтэзатарам гуку. Сярод настаўнікаў, якія працуюць у інтэгрыраваных або спецыялізаваных класах, абавязкова павінны быць ціфлапедагогі, якія ведаюць азбуку Брайля, бо вучыць сляпых “на слых” няправільна. Па месцы жыхарства арганізаваць такое даволі складана. Напрыклад, у свой час мне давялося самой вывучыць шрыфт Брайля і перапісваць для свайго дзіцяці тэксты, каб умовы яго навучання ў звычайнай школе не адрозніваліся ад умоваў іншых вучняў.

Калі асаблівыя дзеці паспяхова скончаць школу, у іх ёсць магчымасць паступаць і вучыцца ва ўніверсітэце. А для запісу і запамінання лекцый можна выкарыстоўваць звычайныя дыктафоны, ды і дапамогу здаровага сябра ніхто не адмяняў. Вельмі многія інваліды па зроку атрымліваюць вышэйшую адукацыю.

У нашай краіне ёсць спецыялізаваныя заводы, якія адносяцца да Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дзе могуць працаўладкавацца асаблівыя людзі. Ёсць і шэраг спецыяльнасцяў, з якімі справяцца сляпыя — педагогі ў спецыялізаваных школах, журналісты (у тым ліку спецыялізаваных СМІ), юрысты, праграмісты. Аднак гэта больш характэрна для буйных гарадоў. Шмат інвалідаў па зроку і сярод работнікаў культуры. У іх — ідэальны слых, яны могуць добра іграць на музычных інструментах, спяваць, могуць быць арганізатарамі святаў.

Многія інваліды па зроку таксама паступаюць у Гродзенскі медыцынскі каледж на спецыяльнасць “масажыст” (там набіраецца цэлая група такіх людзей з усёй краіны). Пасля заканчэння па размеркаванні яны трапляюць у розныя рэгіёны нашай рэспублікі і паспяхова працуюць.

У Беларусі шмат інвалідаў, якія, як і ўсе мы, хочуць жыць, працаваць, быць карыснымі для грамадства і сваёй краіны. І гэта правільна. Дарэчы, часам людзі з абмежаванымі магчымасцямі здольны зрабіць больш і лепш, чым іх здаровыя равеснікі. Але для гэтага патрэбны ўвага, дапамога, запатрабаванасць, умовы.

Запісала І. ЛЕАНІДАВА

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации