Стыпендыямі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру адзначаны лепшыя прадстаўнікі моладзі Гродзеншчыны.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Белай зале Жыровіцкага манастыра. Сёлета стыпендыятамі аб’яднання сталі больш за 60 таленавітых юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Прынёмання.

Для гэтых школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў арганізавалі святочную праграму з урачыстай цырымоніяй і некалькімі экскурсіямі па манастыры і ў Эдэмскі заасад.
У ліку ўзнагароджаных – пераможцы прадметных алімпіяд, выдатнікі вучобы, прызёры і лаўрэаты творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, блогеры і лідары моладзевых аб’яднанняў. Сярод іх – двое дзятлаўчан.
Навучэнец Вензавецкай сярэдняй школы Арцём Глушкевіч неаднаразова быў пераможцам і прызёрам конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый абласнога і рэспубліканскага ўзроўнняў. У яго скарбонцы дыплом І ступені рэспубліканскага конкурсу “Святло праваслаўя”, дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў абласнога конкурсу работ навукова-даследчага характару “Крыштальная Альфа” па геаграфіі , перамога ў конкурсе “Край Гарадзенскі” па геаграфіі, дыпломы за другія месцы ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ навучэнцаў у намінацыі “Геаграфічнае краязнаўства”, а таксама даследчым конкурсе “Купалаўская вяршыня” па геаграфіі.

Навучэнец сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Максім Сіўко ў гэтым навучальным годзе заняў другое месца ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі, з’яўляецца ўдзельнікам абласных спаборніцтваў летняга шматбор’я “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Гатовы да працы і абароны!”, спаборніцтваў Гродзенскай вобласці па летнім шматбор’і “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Гатовы да працы і абароны-2025” да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2024 годзе ўдзельнічаў у абласных спаборніцтвах “Залатыя таленты Гродзеншчыны”, у 2023-м – член раённай каманды-прызёра (2-е месца) абласной ваенна-спартыўнай гульні “Арляня”.


Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае