На Дзятлаўшчыне ў рамках Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі прайшлі рэспубліканскі і раённы суботнікі.

Адным з аб’ектаў, дзе кіпела работа, стала крыніца ў гонар іконы Божай Маці “Живоносный Источник”, якая знаходзіцца ў маляўнічым куточку гарадскога пасёлка Казлоўшчына.



Як памятаем, гэта ўрочышча як месца адпачынку для мясцовых жыхароў і гасцей было ўрачыста адкрыта 14 кастрычніка 2024 года ў Дзень маці і Пакрову Прасвятой Багародзіцы, але намаганні па стварэнні тут прыгажосці і камфорту прадаўжаюцца.

Вясна – той сезон, калі можна высадзіць дрэўцы, выдаліць хмызнякі, навесці парадак на зямлі, а таму папрацаваць сюды прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі і кіраўнікі службаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, у пасёлку да іх далучыліся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Адамчык, работнікі мясцовага ўчастка РУП ЖКГ.

Кіраўнік раёна са сваімі памочнікамі ўздоўж агароджы высадзілі дзесяць маладых туяў. Дрэўцы гарманічна ўпісаліся ў мясцовы пейзаж, паколькі па другі бок паляны яшчэ восенню былі пасаджаны такія ж. Цяпер цэнтральная частка ўрочышча стане яшчэ больш утульнай і зялёнай.











Аднак асноўны працоўны “фронт” чакаў удзельнікаў суботніка наперадзе.

– Мы прадаўжаем серыю работ, распачатых у 2024 годзе, – патлумачыў Андрэй Садоўскі. – Крынічку ўжо добраўпарадкавалі, цяпер паляпшаем прылеглую да яе тэрыторыю. Яна стане больш шырокай. Урочышча гэта актыўна наведваецца, таму ў далейшых планах на год пабудаваць тут купель, каб на Дзятлаўшчыне было такое месца, куды людзі маглі б прыехаць адпачыць, акунуцца.



Прадоўжым ачышчаць тэрыторыю ўздоўж рэчышча крыніцы, выдалім хмызнякі, прыбяром смецце. Мясцовае насельніцтва пачынала гэтыя работы, мы падтрымаем добрую справу, бо дасягнуць вынікаў камандай значна хутчэй. Няхай у Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі наша Дзятлаўшчына стане яшчэ больш прывабнай і камфортнай для жыцця.







У хуткім часе пацяплее, вырасце трава, і тут будзе цудоўнае месца для прагулак і адпачынку на ўлонні прыроды.







Паралельна і ў іншых лакацыях гарпасёлка праходзілі работы па навядзенні парадку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае