На Дзятлаўшчыне праходзіць праверка работы аб’ектаў аховы здароўя і сацыяльных аб’ектаў у сферы пажарнай бяспекі, падрыхтаванасць персаналу да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Нагодай для кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў стала здарэнне ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія”. У адным з яго аддзяленняў на пятым паверсе адбыўся пажар, у выніку якога былі траўмаваны шэсць чалавек. Аб’ектамі кантролю ў нашым раёне сталі сацыяльны пансіянат “Колас”, палаты сястрынскага догляду Казлоўшчынскай гарадской участковай (пасялковай) бальніцы, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, Дзятлаўская ЦРБ, бальніца сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы. З калектывамі ўстановаў сустрэліся намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, намеснік галоўнага доктара раённай бальніцы Алена Якубоўская. На кожным з аб’ектаў Сяргей Кухарчык праэкзаменаваў дзяжурны медыцынскі персанал на веданне “на зубок” асноўных чатырох крокаў пры ўзнікненні пажару, звярнуў увагу на недахопы і дэталёва разабраў праблемныя сітуацыі.


Асаблівую ўвагу ён звярнуў на веданне персаналам шляхоў эвакуацыі, наяўнасць сродкаў абароны і пажаратушэння.

– Веданне і замацаванне парадку дзеянняў на пажары трэба давесці да аўтаматызму, каб днём, ноччу – у любы час сутак кожны работнік не разгубіўся, а правільна выконваў тыя дзеянні, якія абавязаны, – звярнуў увагу Сяргей Іванавіч. – Помніце, што ў рэальных абставінах лік ідзе на хвіліны, кожная з якіх можа стаць крытычнай.

Ён нагадаў работнікам і кіраўнікам установаў, што замоўчваць такія сітуацыі і спрабаваць самім ацаніць рызыку катэгарычна недапушчальна. Сяргей Кухарчык прапанаваў тэхнічную падтрымку Дзятлаўскага РАНС у правядзенні ўнутраных вучэнняў у кожнай з установаў.










Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga