Гродзенскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі 2019 года. Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны лепшыя па прафесіі.

На цырымоніі ўручэння ўзнагарод пабылі і дзятлаўчане.

Пераможцам абласнога конкурсу на лепшае страявое падраздзяленне міліцыі па выніках службовай дзейнасці за 2019 год у катэгорыі паміж узводамі стаў узвод міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. Дыплом першай ступені і знак “Лепшы ўзвод міліцыі” ўручылі яго камандзіру Дзянісу Грынцэвічу.

Ушанавалі пераможцаў і па месцы службы. На чарговай аператыўнай нарадзе асабовага саставу за выніковую работу міліцыянерам узвода і яго камандзіру падзякаваў начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Дзмітрый Харошка, пажадаў плённай службы і далейшых поспехаў.

Да слова, гэта перамога не першая на рахунку дзятлаўчан: аналагічную яны атрымалі ў 2016 годзе, значыць, ёсць патэнцыял і надалей заставацца ў ліку лепшых.

Дзяніс Грынцэвіч падзяліўся ўражаннямі ад паездкі ў Гродна:

– Заўсёды прыемна, калі старанні заўважаны. Адразу зазначу, што канкурэнцыя ў нашага ўзвода была сур’ёзнай, бо ў катэгорыі ацэньваліся яшчэ сем падраздзяленняў з Гродзеншчыны. Вынікі службовай дзейнасці рахункаваліся па многіх накірунках: гэта і поспехі ў час вучэбных трэніровак, і праверкі, і адміністрацыйная практыка, і дысцыпліна. І тое, што наш узвод выйшаў у абласныя лідары – заслуга кожнага асобнага супрацоўніка. Поспех, на маю думку, залежаў ад плённага ўзаемадзеяння ў калектыве, зладжанай работы, адказнага і карэктнага выканання пастаўленых задач. Гэта значыць, у 2019 годзе наш узвод працаваў, як адзіны механізм. Пастараемся такім жа чынам працаваць і далей.

За добрасумленную службу на адрас кожнага з супрацоўнікаў узвода выказваю словы падзякі, жадаю здароўя, бадзёрасці духу, далейшых поспехаў і каб справа, якой служаць міліцыянеры аховы, прыносіла ім толькі задавальненне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации