Калектыў Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях крыху павялічыўся: нядаўна на работу прыбыў малады спецыяліст, начальнік дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава Аляксей Можджэр. Ён расказаў пра свае першыя крокі ў прафесіі.
– Аляксей, чаму вы вырашылі стаць менавіта ратаўніком?
– Я заўсёды захапляўся тымі людзьмі, хто рызыкуе сабой дзеля дапамогі і выратавання іншых.

– Як вас прынялі ў калектыве, бо не сакрэт, што для маладога спецыяліста важная падтрымка і парады вопытных калег.
– Безумоўна, падтрымка на новым месцы работы вельмі патрэбная. Гэта дапамагае хутчэй адаптавацца ў калектыве і развіваць прафесійныя навыкі.
Мяне прынялі выдатна. З першага дня калегі ахвотна дзяліліся вопытам, дапамаглі разабрацца ў рабочых працэсах, таму я хутка асвоіўся і адчуў сябе часткай каманды.
–Падзяліцесясваімі ўражаннямі аб рабоце.
– За кароткі час на пасадзе я пераканаўся, наколькі важная наша служба:мы дапамагаем людзям у крытычных сітуацыях. Работа ратаўніка патрабуе эмацыйнай устойлівасці, умення хутка прымаць рашэнні. Выратаванне людзей, на маю думку, гэта прызванне, і я ганаруся тым, што выконваю такую місію.

– Чаго б вы хацелі дасягнуць у сваёй сферы?
– Найперш, прызнання з боку кіраўніцтва аддзела як спецыяліста. Я імкнуся не толькі развіваць прафесійныя навыкі, але і ўдасканальваць камандную работу. Хацелася б стаць экспертам у службовай дзейнасці, унесці ўклад у навучанне і падрыхтоўку новых супрацоўнікаў, каб сумеснымі намаганнямі зрабіць нашу працу яшчэ больш эфектыўнай.
– Вы чалавек прыезджы, ці спадабалася вам Дзятлава?
– Гэта ўтульны гарадок з добразычлівымі людзьмі. Мне падабаецца яго атмасфера, старадаўнія забудовы ў цэнтры, а таксама прырода вакол.
– Што б пажадалі курсантам універсітэта грамадзянскай абароны, у якіх размеркаванне на першае месца работы яшчэ наперадзе?
– Актыўна спасцігаць новыя веды, не баяцца цяжкасцяў і памятаць, што кожная памылка – гэта шанц навучыцца нечаму новаму. Таксама не забываць, што наша галоўная задача – ратаваць нечае жыццё і дапамагаць людзям. Гэта надае сэнс рабоце і натхняе на штодзённыя намаганні. Не трэба баяцца цяжкасцяў, і няхай прафесія ратаўніка стане крыніцай гонару і задавальнення.
Анастасія ЛАГУЦІК,
вядучы спецыяліст Дзятлаўскага РАНС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятлово #МЧС