Кожны ведае, што Дзед Мароз – гэта добры чараўнік, які можа выканаць практычна любое жаданне.
Напярэдадні Новага года многія хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца напісаць галоўнаму навагодняму герою свае просьбы-пасланні.
Вось і навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія займаюцца ў гуртку “Юныя лінгвісты” пад кіраўніцтвам Святланы Урбан, далучыліся да даўняй навагодняй традыцыі і напісалі свае пісьмы зімняму чараўніку.
– Прывітанне, Дзядуля Мароз! Даўно я не пісала табе, а цяпер выпала такая магчымасць. Напэўна, гэта не выпадкова. Я стала больш дарослай, многаму навучылася. Хочацца сказаць табе вялікі дзякуй за падарункі ў мінулым годзе, за твае клопат і ўвагу на працягу 15 гадоў. Сёлета жаданне ў мяне незвычайнае. Я хачу папрасіць у цябе здароўя ўсім людзям на Зямлі: старым і малым, багатым і бедным, добрым і не вельмі. У наш час з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй гэта важна.
Ведаю, Дзядуля, што выканаць маю просьбу будзе нялёгка, але ты пастарайся, калі ласка! Я веру, дарагі Дзядуля Мароз, што ты здольны начараваць, каб у нашым свеце было менш пакут, каб усе людзі былі шчаслівыя. Вельмі спадзяюся, што ты выканаеш маё жаданне.
– Дарагі Дзядуля Мароз! Я шчаслівая дзяўчынка, бо ў мяне ёсць мама, тата, брат, бабулі, дзядулі. Але на свеце так шмат няшчасных дзяцей. Дзеці-інваліды, дзеці з сацыяльна ненадзейных сем’яў, дзеці-сіроты – яны такія ж, як і мы. Цудоўна было б, каб ты змог дапамагчы ім. Безумоўна, адказныя службы займаюцца праблемамі дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Але такім дзеткам асабліва патрэбны любоў, клопат, увага. Мне здаецца, Дзядуля, што галоўным падарункам пад Новы год для хворых хлопчыкаў і дзяўчынак было б здароўе, а для тых, хто застаўся без бацькоў – новая клапатлівая сям’я, няхай і прыёмная. Галоўнае, каб малое там любілі, цанілі, падтрымлівалі. Дзядуля Мароз, калі ты выканаеш гэтыя жаданні, я вельмі парадуюся.
– Вітаю цябе, Дзядуля Мароз! І прашу ў цябе здароўя для ўсіх нас, асабліва для бабуляў і дзядуляў, іншых пажылых людзей, якія па волі лёсу засталіся адны, без дзяцей і ўнукаў, без дарагіх сэрцу людзей. Для іх папрашу ўвагі і клопату ад неабыякавых дзятлаўчан. Не варта забываць пра тых, хто аддаў лепшыя гады свайго жыцця рабоце, і пра ветэранаў, якія ваявалі за мір. Я вельмі спадзяюся, Дзядуля Мароз, што ты дапаможаш ажыццявіць маё жаданне.
– Кожны чалавек верыць у цуды. А напярэдадні Новага года нам здаецца, што цуд абавязкова адбудзецца. Калі я быў маленькім, я пісаў пісьмы Дзеду Марозу і верыў, што пад ёлку ён мне абавязкова пакладзе падарунак: новую цацку, алоўкі, кнігу. Цяпер я таксама чакаю падарунка, але незвычайнага. Дзядуля Мароз, выканай маё жаданне! Я хачу, каб людзі знялі з твараў маскі, сталі ўсміхацца адзін аднаму, каб пры сустрэчы не баяліся паціскаць адзін аднаму рукі. Я хачу пайсці ў госці да сваёй любімай бабулі, моцна яе абняць, пацалаваць. Калі так адбудзецца, значыць хвароба, якая ўсіх палохае, адступіць, і ў свеце настане спакой. Пачуй мяне, Дзядуля Мароз!
Падрыхтавала ад друку Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…