Цікавы экспанат музея. Ложак часоў Першай сусветнай вайны

Такі металічны складны ложак з’явіўся нядаўна ў нашым музеі дзякуючы Яўгену Латушку, жыхару Дзятлаўшчыны.

Ён знайшоў яго выпадкова, зацікавіўся, пачаў даследаваць, ці не нямецкай ён вытворчасці. Кляйма не знайшоў, але працягваў шукаць у інтэрнэце. Даведаўся, што падобны ложак з’явіўся ў экспазіцыі Пастаўскага музея і ілюструе падзеі Першай сусветнай вайны. Жэня змясціў фотаздымак ложка на “Куфры”, спадзеючыся, што хтосьці з калекцыянераў зацікавіцца і патлумачыць паходжанне ложка. А потым вырашыў здаць экспанат у музей, бо дома яго захоўваць няма дзе.

Вялікі дзякуй яму за ўвагу да гісторыі нашага краю. Няшмат знойдзецца людзей, што падумаюць пра музей, а не проста выкінуць цікавую рэч на сметнік.

А ўвогуле ложак – дзіўнае вынаходства!

Што тычыцца жалезных ложкаў, то іх прынцып канструкцыі застаецца нязменным на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Па версіі гісторыкаў, упершыню ложкі з металу былі выраблены ў эпоху жалезнага веку (каля 1000 года да нашай эры – 500 года нашай эры). Яны ўяўлялі сабой жалезную платформу без спінак, якая стаіць на некалькіх апорах. Як правіла, апораў было шэсць (па краях і пасярэдзіне), і былі яны да 0,5 метра ў вышыню. Платформа мела прамавугольную форму і складалася з вонкавай рамы, а таксама прутоў, нібы сатканых паміж сабой крыж-накрыж. Так, напрыклад, выглядалі этрускія, старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія металічныя ложкі. Спалі на такой мэблі пераважна заможныя грамадзяне і кіраўнікі дзяржаў, так як метал у той час каштаваў дорага, а ложкі вырабляліся ўручную.

З часам ложкі набывалі ўсё больш складаную канструкцыю, іх пачалі ўпрыгожваць каштоўнымі камянямі і слановай косткай. У эпоху Сярэднявечча ў модзе былі раскошныя і вытанчаныя ложкі. Лічылася, што чым вышэй ложак знаходзіцца ад падлогі, тым ён лепшы. Тлумачылася гэта даволі проста: чым ніжэй ложак, тым халадней на ім было спаць. У выніку на іх ўзбіраліся па лесвіцы.

Таксама ў перыяд Сярэднявечча з’явіўся ложак з металічнай спінкай, якая размяшчалася каля падгалоўя. Спінка служыла ўпрыгожваннем каркаса. Яе выкоўвалі з некалькіх металічных прутоў, злучаючы іх у выглядзе розных мудрагелістых ўзораў. Спінка ўзвышалася над каркасам на вышыню да аднаго (а часам і больш) метра і мацавалася да яго пад уздзеяннем высокіх тэмператур.

Пазней ложкі пачалі вырабляць са сталёвых сплаваў. Яны былі ў выглядзе ўсё той жа сплеценай з прутоў платформы, усталяванай на апоры, але мелі ўжо дзве спінкі (у нагах і каля падгалоўя). Каркас ложка і раму платформы адлівалі, а спінкі злучалі з апорамі, колькасць якіх была паменшана да чатырох. Такія ложкі былі больш практычнымі і даўгавечнымі за ранейшыя, менш былі схільныя да карозіі. У такім выглядзе яны праіснавалі да пачатку ХХ стагоддзя.

Ідэальным узорам металічнага паходнага ложка з’яўляецца складны ложак імператара Напалеона, які паўжыцця правёў у шматлікіх падарожжах. Толькі сталь вытрымлівала бясконцыя зборкі-разборкі, пераезды і ўздзеянне асяроддзя – дажджы, маразы, спякоту і дынамічныя нагрузкі.

У XVIII стагоддзі адрознівалі два віды ложкаў – французскія і польскія. Першыя былі з адной спінкай і ставіліся пасярэдзіне спальні. Другія мелі дзве спінкі і размяшчаліся ў нішы сцяны. Да канца XVIII стагоддзя пачалі з’яўляцца ложкі з больш простым дызайнам, адпаведна, больш даступныя.

У сярэдзіне XIX стагоддзя француз Дэлагль вынайшаў спружынную сетку. З гэтага часу на працягу яшчэ 100 гадоў для вырабу ложкаў выкарыстоўвалі металічныя трубы для каркаса, на які нацягвалі спружынную сетку.

Мода на жалезныя ложкі прыходзіла і сыходзіла шмат разоў. У старой Еўропе металічныя ложкі прыжыліся дзякуючы таму, што ў іх не было дзе хавацца клапам. Гэта была гігіенічная мэбля. Мода на металічныя ложкі ўзрасла ў Еўропе на пачатку 20 стагоддзя, у эпоху з’яўлення авіяцыі і аўтамабіляў. Але ў другой палове стагоддзя драўляны ложак зноў заняў свае пазіцыі.

Па ўсім відаць, што ложак, які з’явіўся ў фондах нашага музея, польскі, складны, ім карысталіся шмат, збіралі, разбіралі, перавозілі. Аднак, на нашу ўдачу, захаваўся ён у добрым стане.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

administrator

Recent Posts

Выхаванцы клуба “Мужнасць” напісалі пісьмы бацькам

На Тыдні бацькоўскай любові да акцыі “Пісьмо бацькам” далучыліся выхаванцы клуба “Мужнасць” аддзела ўнутраных спраў…

18 минут ago

Обеспечение эффективной и безаварийной работы систем теплопотребления, теплоисточников и тепловых сетей в отопительный период

Безаварийный отопительный сезон – это результат выполнения комплекса мероприятий по технической и организационной подготовке систем…

33 минуты ago

Безопасная перевозка сельскохозяйственной продукции

В целях повышения безопасности дорожного движения, предотвращения и снижения тяжести последствий ДТП с участием транспортных…

1 час ago

Школьны мерыдыян

Свята традыцый і сямейнай творчасці У рамках Тыдня бацькоўскай любові ў сярэдняй школе № 1…

4 часа ago

Безопасность в каждый дом: как согреть жилье без риска для жизни

С наступлением холодов в жилом секторе традиционно возрастает количество пожаров. Стремясь создать уют и тепло…

4 часа ago

ДТЗ з жывёлай на Дзятлаўшчыне

19 кастрычніка каля сямі гадзін раніцы ў Дзятлаўскім раёне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Аўтамабіль “Belgee X50”…

4 часа ago