Экспанаты музея. Зуб маманта

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пра тое, што маманты жылі шмат тысяч гадоў таму на нашай зямлі, ведаюць усе.

А пацвярджае гэта адзін цікавы экспанат з нашага музея – зуб маманта. Трапіў ён у музей 24 лютага 1970 года і значыцца ў фондах пад нумарам 1895. Прынёс яго Дзмітрый Аляксандравіч Паленка. У кнізе паступленняў зроблены запіс, што Дзмітрый Аляксандравіч знайшоў зуб на рацэ Чарыш Алтайскага краю ў 1969 годзе. Адшукаць нейкую больш-менш канкрэтную інфармацыю пра здатчыка экспаната не змагла, толькі тое, што працаваў у калгасе “Чырвоны партызан” Алтайскага краю. Мяркуючы па даце паступлення экспаната, можна сказаць, што прымаў артыфакт першы дырэктар нашага музея Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч. Ён умеў знаходзіць цікавых людзей і экспанаты для музея, што адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1968 годзе.

Маманты – гэта вымерлы род млекакормячых з сямейства слановых, якія жылі ў чацвярцічным перыядзе. Дасягалі вышыні 5,5 метра і масы цела 10-12 тон. Мяркуючы па лічбах, маманты былі ў два разы цяжэйшыя за самых буйных сучасных наземных млекакормячых – афрыканскіх  сланоў. З’явіліся  гэтыя жывёлы каля 1,6 мільёна гадоў таму і вымерлі прыкладна 10 тысяч гадоў таму. Жылі ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўночнай Амерыцы. Знойдзены шматлікія косці мамантаў на месцах стаянак старажытнага чалавека каменнага веку. Выяўлены таксама малюнкі і скульптуры мамантаў, зробленыя дагістарычным чалавекам. У Сібіры і на Алясцы вядомыя выпадкі знаходжання трупаў мамантаў, якія захаваліся дзякуючы знаходжанню іх у тоўшчы шматгадовай мерзлаты. Асноўныя віды мамантаў па памерах не пераўзыходзілі сучасных сланоў, але пры гэтым паўночнаамерыканскі падвід Mammuthus imperator дасягаў вышыні 5 метраў і масы 12 тон, а карлікавыя віды Mammuthus exilis і Mammuthus lamarmorae не перавышалі 2 метраў у вышыню і мелі масу да 900 кілаграмаў.

Маманты былі выдатна прыстасаваны да жыцця ў суровых умовах халоднага клімату. У параўнанні з сучаснымі сланамі, валодалі больш масіўным тулавам, больш кароткімі нагамі, доўгай поўсцю, меншага памеру вушамі  і доўгімі выгнутымі біўнямі. Біўні маглі служыць маманту прыстасаваннем для здабывання ежы з-пад снегу ў зімовы час. Карэнныя зубы маманта са шматлікімі тонкімі дэнцін-эмалевымі пласцінамі былі добра прыстасаваныя для перапрацоўкі грубага расліннага корму.

Большасць мамантаў вымерла каля 10 тысяч гадоў таму падчас апошняга Віслінскага ледавіковага перыяду ў познім дрыясе адначасова з выміраннем 34 родаў буйных жывёл. У вучоным свеце існуе дзве асноўныя гіпотэзы прычын  вымірання мамантаў. Згодна з першай, істотную, ці нават вырашальную ролю ў гэтым адыгралі паляўнічыя верхняга палеаліту. Другая ж тлумачыць выміранне ў большай меры натуральнымі прычынамі (эпоха экстрэмальных затапленняў, якая пачалася 16 тысяч гадоў таму, хуткае змяненне клімату (каля 10-12 тысяч гадоў), знікненне кармавой базы для мамантаў). Ёсць і больш экзатычныя здагадкі, да прыкладу, з прычыны падзення каметы ў Паўночнай Амерыцы ці буйнамаштабных эпідэмій, але апошнія застаюцца на ўзроўні маргінальных гіпотэз, якія большасць спецыялістаў не падтрымлівае.

Першая гіпотэза была вылучана ў XIX стагоддзі Альфрэдам Уолесам, калі былі выяўленыя стаянкі старажытных людзей з вялікімі наваламі костак маманта. Гэтая версія хутка заваявала папулярнасць. Лічыцца, што чалавек разумны ўжо каля 32 000 гадоў таму  пасяліўся ў паўночнай Еўразіі, пракраўся ў Паўночную Амерыку 15 000 гадоў таму і, верагодна, хутка пачаў актыўна паляваць на прадстаўнікоў мегафаўны. Але ў спрыяльных  умовах на прасторах тундрастэпаў іх папуляцыя была ўстойлівай. Пазней адбылося пацяпленне, падчас якога значна скараціўся арэал мамантаў, як гэта здаралася і раней, таму актыўнае паляванне прывяло да амаль поўнага вынішчэння віду.

Прыхільнікі другой версіі лічаць, што ўплыў чалавека моцна пераацэнены. У прыватнасці, яны вылучаюць перыяд у 10 тысяч гадоў, на працягу якога колькасць папуляцыі мамантаў зменшылася ў 5-10 разоў, і працэс вымірання віду пачаўся яшчэ да з’яўлення людзей на адпаведных тэрыторыях. Разам з мамантамі вымерлі і многія іншыя віды жывёл, уключаючы дробных, якія не былі для краманьёнцаў ні ворагамі, ні здабычай, якая падлягае знішчэнню.

Сувязь паміж выміраннем і змяненнем клімату ў верхнім дрыясе была заўважана даўно. Але доўгі час не было пераканаўчага абгрунтавання фаталістычнасці менавіта гэтага пахаладання, паколькі дадзены від перажыў нямала пацяпленняў і пахаладанняў. Даследчык Вэнс Хэйнэс з Універсітэта Арызоны ў 2008 годзе зноў падняў гэтае пытанне, і, выкарыстаўшы дадзеныя з некалькіх раскопак, прыйшоў да высновы, што пачатак пахаладання і выміранне мегафаўны супадаюць з дакладнасцю да 50 гадоў. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што адклады верхняга дрыясу  маюць цёмную афарбоўку па прычыне ўзбагачэння арганічнымі часціцамі, склад якіх паказвае на значна больш вільготную атмасферу ў той час у параўнанні з той, што была раней.

Пакінем вучоным магчымасць высвятляць прычыны вымірання мамантаў, а самі звернемся да нашага экспаната – зуба маманта. Характэрна, што ў маманта было ўсяго 4 зубы: два ўверсе і два на ніжняй сківіцы. Верхняя (жавальная) частка зуба ўяўляе сабой своеасаблівую тарку, якой ён перацірае траву, дробныя галінкі і лісточкі. Нягледзячы на свой грозны выгляд, мамант быў траваяднай жывёлай. Зуб маманта складаецца з мноства папярочных пласцін, якія заходзяць глыбока ў сківіцу. Паступова зуб сціраўся, і на яго месцы з гэтых пласцін вырастаў новы зуб. Лічыцца, што зуб маманта за ўвесь перыяд жыцця мяняўся 6 разоў. Калі па якіх-небудзь прычынах зуб мяняўся хутчэй, мамант без зубоў паміраў з голаду.

Калі шукала ў інтэрнэце інфармацыю пра маманта, знайшла шмат публікацый тыпу “Прадаюцца вырабы з зубоў маманта”. На карцінках паказаны нажы, брылкі, упрыгожванні. Падумалася: вось да чаго дайшлі людзі! Няўжо няма з чаго рабіць такія аздабленні? Нічога святога, грошы правяць баль. Крыўдна. Хай жа нашы ўнукі ўбачаць такія рэчы ў натуральным выглядзе хоць  у музеях.

І яшчэ адзін цікавы факт пра мамантаў, расказаны нашым земляком – Вадзімам Леанідавічам Лакізам. Вучоны паведаміў яго вучням гімназіі № 1 на адной з сустрэч. Бульдазерысты капалі катлаван для пракладвання лініі метро ў Мінску і знайшлі незразумелы прадмет. Патэлефанавалі ў Акадэмію навук, у інстытут гісторыі. Адразу на месца работ выехалі вучоныя. Аказалася, што гэты быў маманцёнак, які вельмі добра захаваўся. Знаходка яшчэ раз пацвердзіла: маманты жылі і на беларускай зямлі.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup