На Дзятлаўшчыне працягваецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі.
На гэты раз карэспандэнт газеты “Перамога” разам з памочнікам доктара-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыяй Шымчык адправіліся ў “экалагічны” рэйд па вуліцы Навагрудскай і гаражных кааператывах у Дзятлаве. На жаль, старт маніторынгу аказаўся далёка не “чыстым”. На тэрыторыі, прылеглай да дома № 14, было шмат смецця.

Чаго там толькі не кідалі міма урнаў і бакаў: бутэлькі, пакеты, фанцікі, нават упакоўка ад клеевага саставу ляжала на траве.



Як расказала спецыяліст райЦГЭ, адказным за парадак з’яўляецца старшыня жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва “Прамень”. На ЖБСК ужо выпісваліся рэкамендацыі па ўборцы замацаванага за ім участка. Калі ў бліжэйшы час не будзе наведзены парадак, старшыню кааператыва прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці з выплатай у далейшым устаноўленага штрафу.


Такі ж беспарадак назіралі і каля дома № 21 на тэрыторыі жыллёва – будаўнічага спажывецкага кааператыва “Зорны”.



А вось ЖБСК № 3 і “Усход” па адрасах Навагрудская, 17 і 18 Б парадавалі. Раней старшыням кааператываў таксама выпісваліся рэкамендацыі па навядзенні парадку, яны былі поўнасцю выкананы – на прылеглых да дамоў участках чыста, “камар носа не падточыць”.


Варта адзначыць, што на тэрыторыі некаторых жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў каля пад’ездаў былі перапоўнены урны. Сустракаліся і ўчасткі, дзе неабходна толькі крыху прыбрацца.




Праверылі санітарны стан кантэйнерных і дзіцячых пляцовак, якія замацаваны за Дзятлаўскім РУП ЖКГ. Камунальнікам варта аддаць належнае – падтрымліваюць парадак на даручаных ім аб’ектах.



Тое ж самае можна сказаць і пра дзятлаўчан-аўтамабілістаў: у гаражных кааператывах “Лада”, “Мара” і “Крынічка” няма ні смецця, ні перапоўненых кантэйнераў.






Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga