Дыялог думак
Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:
— Наркаманія — галоўны вораг нашага часу. Яна “прыгаворвае” чалавека да смерці. І, як правіла, з-за наркотыкаў гінуць маладыя людзі ў самым росквіце сілаў і магчымасцяў. Яны добраахвотна разбураюць свой арганізм. Ужыванне наркотыкаў вельмі хутка прыводзіць да ўзнікнення нарказалежнасці. На гэтай стадыі наркотык пачынае адігрываць вядучую ролю ў абменных працэсах арганізма наркамана: становіцца для яго такім жа неабходным, як паветра, вада, ежа. Калі своечасова не пачаць лячэнне гэтай страшнай хваробы, яна прывядзе да ранняй пакутлівай смерці.
Народная мудрасць гаворыць: “У здаровым целе — здаровы дух”. Толькі здаровы лад жыцця засцеражэ маладых людзей ад залежнасцяў. Заўсёды варта памятаць, што здароўе — найвялікшае багацце ў жыцці любога чалавека. Таму я заклікаю моладзь жыць здарова і цікава. Задавальненне можна атрымаць ад самых простых рэчаў: музыкі, кнігаў, заняткаў спортам, танцаў, а галоўнае — ад стасункаў з сябрамі. Навошта залежаць “ад смяротнага зелля”, калі можна быць свабодным. Жыццё і здароўе варта берагчы і не забруджваць дрэннымі звычкамі, каб не страціць іх нечакана, каб ніколі не пашкадаваць аб няправільным, неабачлівым выбары.
Запісала І. КАЎКЕЛЬ