У Беларусі з 1 лістапада павялічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму, а значыць, узрасце шэраг стымулюючых выплат, у тым ліку, субсідыі на арганізацыю сваёй справы.
Памер выплаты ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах дасягне 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (8035,5 рубля). Пры арганізацыі прадпрымальнікам дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак – 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (10 714 рублёў).
Аб тым, хто можа атрымаць субсідыю на сваю справу і што для гэтага трэба зрабіць, а таксама пра дзятлаўчан, якія ўжо скарысталіся такой магчымасцю, расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань:
– За 2025-2026 гады па атрыманне субсідыі да нас звярнуліся тры чалавекі, якія збіраліся адкрываць бізнес у наступных прафесіях: уладкаванне абліцоўкі падлогі і пакрыцця сцен, адкрыцце фітнес-клуба, арганізацыя службы таксі. Для таго, каб атрымаць субсідыю, трэба быць у статусе беспрацоўнага, дасягнуць узросту 18 гадоў. Неабходна стаць на ўлік ва ўпраўленні па працы, атрымаць накіраванне і прайсці навучальныя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, на якія грамадзяне накіроўваюцца ў інстытут перакваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля падрыхтоўкі і абароны бізнес-плана рашэннем камісіі прызначаецца субсідыя, якую не трэба вяртаць дзяржаве. Выплата можа быць выкарыстана на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, аплату паслуг або іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Павелічэнне памеру субсідыі пашырыць магчымасці па набыцці неабходнага абсталявання і іншых рэсурсаў для паспяховага старту ў бізнесе. Запрашаем жадаючых скарыстацца такой магчымасцю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga